RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Лістапада 2000

Сёньня



Паседжаньне Рады Міністраў АБСЭ ў Вене завершылася без прыняцьця выніковага дакумэнту. Прадстаўнікі 55 краінаў – сябраў АБСЭ – так і не змаглі скласьці такі тэкст заявы, пад якім згадзіліся б падпісацца ўсе сябры арганізацыі. Камэнтар на гэтую тэму вашынгтонскага аналітыка радыё “Свабода” Пола Гоўбла.

“Рашэньне Масквы заблякаваць прыняцьце дэклярацыі АБСЭ, у якой крытыкаваліся дзеяньні Расеі ў Чачні, Грузіі і Малдове выклікала вострую рэакцыю заходніх урадаў і ўзьняло пытаньні як наконт будучыні АБСЭ, так і наконт дачыненьняў Усходу і Захаду,” – піша вашынгтонскі аналітык радыё “Свабода” Пол Гоўбл.

Захад абвінавачвае Расею ў тым, што яна не выконвае сваіх ранейшых абяцаньняў адносна ўрэгуляваньня канфлікту ў Чачні і марудзіць з вывадам расейскіх войскаў з Грузіі і Малдовы, як гэта было пастаноўлена ў часе Стамбульскага саміту АБСЭ. Міністры замежных справаў на сустрэчы ў Вене імкнуліся выпрацаваць супольную дэклярацыю, якая ўключала б тры гэтыя моманты.

Але расейская дэлегацыя адмовілася далучыцца да дэклярацыі, і паколькі рашэньні ў АБСЭ прымаюцца кансэнсусам, пытаньне было сарванае. Двухдзённая сустрэча міністраў завершылася без прыняцьця выніковага дакумэнту. Замест гэтага дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Аўстрыі Бэніта Фэрэра-Вальднэр зачытала ўласнае рэзюмэ дыскусіяў, якія прагучалі ў часе выступаў у Вене.

У адказ на рэзкую крытыку з боку заходніх дыпляматаў міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў абвінаваціў Захад у выкарыстаньні падвойных падыходаў да этнічных канфліктаў і заявіў, што Расея ня мае намеру ні ад каго атрымліваць урокі добрых паводзінаў.

Нягледзячы на тон падобных выказваньняў, заходнія ўдзельнікі сустрэчы заявілі, што Іваноў пацьвердзіў гатоўнасьць Масквы выконваць ейныя ранейшыя забавязаньні наконт скарачэньня і вываду войскаў з Малдовы і Грузіі. Міністры краінаў АБСЭ ўважаюць, што надалей можна будзе ўзьняць і іншыя пытаньні, у якіх існуюць рознагалосьсі паміж Масквой і Захадам – напрыклад, адносна сытуацыі ў Беларусі.

“Але рэзкая рэакцыя Іванова на крытыку расейскай палітыкі ў Чачні, нежаданьне Расеі дазволіць прыезд туды назіральнікаў ад АБСЭ і, галоўнае, рашэньне Масквы заблякаваць кансэнсус наводзіць на некалькі змрочных роздумаў,” – піша вашынгтонскі аналітык Пол Гоўбл.

“Па-першае, тупік у Вене нагадвае практыку часоў заканчэньня халоднай вайны, – мяркуе Гоўбл. – Камісія бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, як яна тады называлася, рэдка мела магчымасьць дасягаць кансэнсусу з-за галасаваньня савецкай дэлегацыі. У той жа час Масква, калі ёй трэба было дэманстраваць імкненьне да наладжваньня стасункаў з Захадам, магла, не афішуючы сябе, выкарыстаць для зрыву кансэнсусу і якую-небудзь дэлегацыю з краінаў-сатэлітаў: часьцей за ўсё, з Усходняй Эўропы.

Аднак, дэманструючы жорсткую пазыцыю цяпер, Масква яшчэ больш узмацняе сваю ізаляцыю – ня толькі ў межах АБСЭ, але і ў больш шырокім сэнсе. Гэта робіць супрацоўніцтва з Захадам у многіх пытаньнях больш цяжкім”.

Па-другое, амаль поўнае адзінадушша ўсіх астатніх дэлегацыяў у кранутых у Вене пытаньнях можа прывесьці да таго, што супраць Масквы ўзнімуць свае галасы і тыя, хто раней гэтага не рабіў. Ізноў жа, колішняя практыка паказвае, што ўвёўшы сыстэму прыняцьця рашэньняў “кансэнсус мінус адзін” – г.зн. усе, апрэч СССР – КБСЭ ўдавалася падахвочваць іншыя краіны да больш актыўных выступаў таксама на іншых форумах. Часам гэта прымушала Маскву зьмяніць сваю пазыцыю.

І, па-трэцяе, галасаваньне ў Вене можа мець наступствы для самой АБСЭ, а менавіта – для адказу на пытаньне аб ейнай рэарганізацыі, альбо паступовым аджываньні. Апошнім часам часта гучалі меркаваньні – і перадусім з боку Масквы – што менавіта на базе АБСЭ, а ня НАТА альбо якойсьці іншай арганізацыі можа быць узьведзены падмурак эўрапейскай бясьпекі. Але здольнасьць таго ж Іванова заблякаваць дзейнасьць арганізацыі толькі на падставе ейнага ж статуту, выклікае сур’ёзныя пытаньні, ці зможа калі-небудзь АБСЭ адыгрываць такую ролю.

“АБСЭ, праўдападобна, уступае у новы пэрыяд цяжкасьцяў, калі разыходжаньні паміж Усходам і Захадам у шэрагу ключавых пытаньняў могуць перашкодзіць кансэнсусу, на якім і пабудаваная гэтая арганізацыя, – мяркуе Вашынгтонскі аналітык радыё “Свабода” Пол Гоўбл.

Алена Радкевіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org