RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Лістапада 2000

Сёньня



Прэм’ер-міністр Ізраілю Эхуд Барак заявіў у парлямэнце краіны, што вясной наступнага году ў краіне адбудуцца пазачарговыя парляманцкія выбары…

Паводле ізраільскага выбарчага закону, Барак павінен быў заставацца пры ўладзе 4 гады. Ён, аднак, вымушаны быў абвесьціць правядзеньне пазачарговых парлямэнцкіх выбараў 17 месяцаў пасля сваёй упэўненай выбарчай перамогі над былым прэм’ерам Бэньямінам Натаньягу.

Зрабіць падобны крок Барака прымусіў перш за ўсё крызіс у палестына-ізраільскіх адносінах. Мірны працэс на Бліскім Усходзе практычна прыпынены. Замест перамоваў другі месяц запар ідзе неабвешчаная вайна паміж ізраільскай арміяй і палестынскімі дэманстрантамі, якіх даволі часта падтрымлівае палестынская міліцыя.

На сёньняшні дзень у сутычках загінула каля 290 чалавек, пераважна палестынцаў.

Пазыцыя Барака і ягонага ўраду была нагэтулькі хісткая, што падчас галасаваньня ў кнэсеце ў справе правядзеньня пазачарговых выбараў “за” галасавалі 79 дэпутатаў са 120 сяброў ізраільскага парлямэнту.

Мясцовыя палітычныя аглядальнікі сьцьвярджаюць, што калі б Барак сам не выступіў зь ініцыятывай новых выбараў, яго б прымусіў гэта зрабіць кнэсэт. Вотум недаверу ягонаму ўраду ўжо рыхтаваўся.

“Я не сьляпы, - заявіў у парлямэнце Барак, - я бачу, што кнэсэт хоча новых выбараў… І таму я падкрэсліваю: калі вы хочаце выбараў, я гатовы абвесьціць іх правядзеньне. Дасюль я выйграваў усе выбары, у якіх я ўдзельнічаў”.

Барак таксама заявіў, што прыступае да кансультацыяў з прадстаўнікамі іншых палітычных партыяў у справе даты правядзеньня выбараў. Пакуль што ў кулуарах кнэсэту гавораць аб красавіку ў якасьці магчымай даты выбараў.

Барак ня вельмі сьпяшаецца, таму што хоча паспрабаваць урэгуляваць крызіс з палестынцамі і такім чынам аднавіць свой аўтарытэт у грамадзтве.

Вынікі апытаньня грамадзкай думкі Ізраілю выразна не на карысць Эхуда Барака. Калі б выбары адбыліся цяпер, яго б на выбарах прэм’ер-міністра краіны перамог бы ня толькі былы прэм’ер Бэньямін Натаньягу перавагай у 20% галасоў, але таксама й цяперашні лідэр галоўнай апазыцыйнай партыі Лікуд Арыэль Шарон, зь перавагай у 10% галасоў.

Натаньягу пасля адчувальнай паразы на выбарах паўтара гаду таму падаў у адстаўку з пасады лідэра Лікуда адыйшоў ад палітыкі. Ён не ўваходзіць нават у склад парлямэнту. Каб зноў удзельнічаць у выбарах прэм’ера, яму неабходна выйграць партыйныя праймарыз у Шарона, які ўжо заявіў, што хоча выставіць сваю кандыдатуру на пасаду прэм’ера краіны.

Палітычныя камэнтатары Ізраілю адзначаюць, што справа з пазачарговымі выбарамі яшчэ не вырашаная канчаткова. Каб стаць законам, законапраект аб пазачарговых выбарах павінен яшчэ двойчы чытацца ў кнэсэце. На гэта пойдзе як мінімум месяц. І Барак мае магчымасць з дапамогай замірэньня з палестынцамі ўратаваць свой меншасны кабінэт міністраў.

Мікола Іваноў, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org