RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Лістапада 2000

Сёньня



У сувязі з ростам напружаньня на мяжы Косава з рэштай Югаславіяй, сталіцу памежнага раёну наведаў прэзыдэнт Югаславіі Воіслаў Каштуніца. Візыт гэты меў шмат у чым сымбалічнае значэньне…

Каштуніцу ў памежным з Косавам горадзе Буянавац віталі тысячы мясцовых жыхароў. Аднак, насуперак спадзяваньням некаторых гарачых галоваў, ягоная прамова ў Буянавацы не была ваяўнічай. Каштуніца заявіў, што ён не зьбіраецца гаварыць з альбанскімі паўстанцамі і кіраўніцтвам міжнароднага міратворчага кантынгенту КФОР на мове пагрозаў і ўльтыматумаў, а будзе імкнуцца да кампрамісу і замірэньня.

Больш дакладна на гэтую тэму выказаўся віцэ-прэм’ер Сэрбіі, які разам з Каштуніцам наведаў памежжа, Нэбойша Човіч. Паводле ягоных словаў, Югаславія імкнецца да дыпляматычнага вырашэньня канфлікту, але гэта не азначае, што памяркоўнасць югаслаўскага ўраду бязмежная.

Так званая альбанская армія вызваленьня Прэшава, Мэдведыі і Буянавіца імкнецца да далучэньня гэтых паўднёвых сэрбскіх правінцыяў, населеных пераважна альбанцамі, да Косава. У склад яе, паводле падлікаў югаслаўскіх уладаў, ўваходзіць да адной тысячы жаўнераў.

Базы гэтай арміі знаходзяцца на тэрыторыі Косава, якую намінальна кантралюе міратворчы міжнародны вайсковы кантынгент пад кіраўніцтвам НАТА. Але, як высвятляецца цяпер, катроль міратворцаў у Косаве зусім не такі шчыльны.

І таму югаслаўскія ўлады запатрабавалі ад міжнародных міратворцаў неадкладнага раззбраеньня альбанскіх адзьдзелаў. Была прынятая спэцыяльная заява трох югаслаўскіх сілавых міністраў з пагрозай увесьці ў памежныя раёны значныя югаслаўскія вайсковыя сілы.

Справа ў тым, што паводле дагавору, падпісанага НАТА з югаслаўскімі ўладамі, была створаная спэцыяльная дэмілітарызаваная зона, шырынёй 5 км па абодвы бакі мяжы. Вось у гэтай зоне, дзе югаслаўскаму войску знаходзіцца забаронена, якраз і дзейнічаюць атрады альбанскага паўстанцкага войска.

Кіраўнікі гэтага альбанскага войска сьцьвярджаюць, што яны абараняюць мясцовае насельніцтва ў Прэшаўскай даліне, дзе апошнімі днямі адбываліся баі паміж сэрбзкай паліцыяй і альбанскімі баевікамі.

Прадстаўнікі ААН лічаць, што як мінімум 1500 мясцовых альбанцаў вымушаныя былі пакінуць свае дамы ды ўцячы ў Косава ў сувязі з магчымым далейшым абвастрэньнем сытуацыі.

Перасьцярогі гэтых людзей, на шчасьце, ня зьдзейсьніліся. Югаслаўская армія пачала накіроўваць новыя вайсковыя часткі ў раён канфлікту, у тым ліку і цяжкую тэхніку. Альбанскі ж бок вымушаны быў абвесьціць перамір’е ў аднабаковым парадку. Спачатку на адзін дзень, а пазьней падоўжыць яго да пятніцы гэтага тыдня.

Да пазыцыі прэзыдэнта Каштуніцы ў справе крызісу ў Прэшаўскай даліне з разуменьнем ставяцца і некаторыя заходнія лідэры. Брытанскі міністар абароны Джэффры Гун, які наведвае цяпер Балканы, заявіў, што ён разумее “законнае права” югаслаўскага прэзыдэнта клапаціцца пра правы сэрбзкага насельніцтва па абодвух баках косаўскай мяжы.

Мікола Іваноў, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org