RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Лістапада 2000

Сёньня:



(эфір 28 лістапада)
Дэпутаты гарадзкіх і раённых Саветаў Гомельскага рэгіёну абіралі на сваім паседжаньні васьмёра сяброў лукашэнкавага “Савету Рэспублікі”.

У дзьвярах грамадзка-культурнага цэнтру, дзе абласны выканкам праводзіў заплянаванае паседжаньне дэпутатаў, стаяў АМАП і правяраў адмысловыя пропускі на права ўваходу. З усіх раёнаў у Гомель прывезьлі 664 абраньнікі гарадзкіх і раённых Саветаў. Менавіта ім і выпала абраць 8 сяброў у “Савет Рэспублікі”.

Але выбарам гэта назваць цяжка, бо на 8 месцаў старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына назвала акурат 8 зарэгістраваных кандыдатаў. Сярод іх: цяперашні сьпікер верхняе палаты Павал Шыпук, старшыня абласнога выканкаму Мікола Вайцянкоў, а яшчэ — кіраўнікі прадпрыемстваў, саўгасу, школы, рэктар унівэрсытэту й галоўны лекар з Хойнікаў.

Каб не было альтэрнатывы, кожнага кандыдата вылучалі ажно па тры прэзыдыюмы раённых Саветаў і па тры раённыя выканкамы. Напрыклад, спадара Шыпука — у Лельчыцах, Петрыкаве й Жыткавічах. Сярод кандыдатаў, як і патрабаваў Лукашэнка, дзьве жанчыны — дырэктарка мазырскае трыкатажнае фабрыкі “Славянка” Людміла Круцько й дырэктарка жлобінскае сярэдняе школы №13 Клаўдзія Гузава.

Пра іншых кандыдатаў, якія не прайшлі папярэдняе сіта ў Менску, ня згадвалі, хаця вядома, што, напрыклад, прэзыдыюм Гомельскага гарадзкога Савету і гарадзкі выканкам вылучалі ў якасьці кандыдыта старшыню гарадзкога выканкаму Аляксандра Якабсона. У Лельчыцах вылучаўся старшыня абласнога Савету Валеры Сяліцкі, у Акцябрску — цяперашняя “сэнатарка” Інэса Драбышэўская.

“Куды яны дзеліся?”, — цікаўлюся ў старшыні Цэнтральнае выбарчае камісіі спадарыні Ярмошынай…

“Вылучэньне само па сабе, дзеяньні выканкаму і адпаведнага прэзыдыюму Савету — гэта яшчэ ня ўсё. Неабходна яшчэ заява кандыдата на згоду балятавацца. Такіх дакумэнтаў у Цэнтральнай выбарчай камісіі не было”, — сказала Лідзія Ярмошына.

Тым ня менш, вядома, што і Якабсона, і Драбышэўскую, і спадара Сяліцкага Аляксандар Лукашэнка асабіста выкрэсьліў са сьпісу прадстаўнікоў Гомельскага рэгіёну. Таму дэпутатам нічога не заставалася на паседжаньні, апроч таго, як пахваліць афіцыйных кандыдатаў і аддаць за іх подпісы пад час таемнага галасаваньня.

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org