RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 28 Лістапада 2000

Сёньня



Аляксандар Лукашэнка публічна выказаў сумненьне ў мэтазгоднасьці далейшага знаходжаньня ў Беларусі місіі АБСЭ. Разам з тым кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганс-Георг Вік адзначае, што эўрапейскія структуры маюць намер «аднавіць свае спробы стварыць дэмакратычна прыймальныя ўмовы для выбараў».

Сёньня, выступаючы перад кіраўніцтвам беларускага КГБ, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Ніхто больш ня будзе ламаць заканадаўства да прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе». Паводле Лукашэнкі, сваю роль Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ўжо выканала, рыхтуючы рэкамэндацыі ва ўдасканальваньні беларускага выбарчага заканадаўства. Спадар Лукашэнка зноў паўтарыў свой тэзыс, што рэкамэндацыі прадстаўнікоў АБСЭ былі ўлічаныя пры карэктыроўцы выбарчых законаў. А значыць, «пара падумаць аб ролі й месцы КНГ АБСЭ ў Беларусі», —  заявіў кіраўнік дзяржавы.

Я запытаў у прэсавага сакратара МЗС Беларусі Паўла Латушкі, ці мае МЗС нейкія пляны або намеры зьмяняць ролю й места місіі АБСЭ ў Беларусі. Спадар Латушка адказаў:

(Латушка: ) «Ну, я магу сказаць, што зараз, нават, пад час саміту міністраў замежных справаў краін-удзельніц АБСЭ таксама разглядаюцца пытаньні, зьвязаныя з рольлю місіі АБСЭ, і гэтае пытаньне таксама можа ставіцца і Рэспублікай Беларусь. Таму яшчэ раз хацеў бы, каб Вы накіраваліся да словаў прэзыдэнта Беларусі, які сказаў, што трэба падумаць аб ролі і месцы КНГ у Беларусі”.

Відавочна, што як заўсёды, чарговыя рэзкія заявы спадара Лукашэнкі пра замежную палітыку сталі поўнай нечаканасьцю для беларускага замежнапалітычнага ведамства. Варта заўважыць, што з падобнымі пагрозамі на адрэсу КНГ Аляксандар Лукашэнка выступае ўжо ня ўпершыню. Аднак на гэты раз заявы спадара Лукашэнкі, магчыма, былі выкліканыя апошнімі выказваньнямі спадара Віка, якія ён зрабіў на адкрыцьці ў мінулую пятніцу міжнароднай канфэрэнцыі «Беларусь на шляху ў новую Эўропу — палітычная ды эканамічная ізаляцыя або адкрытасьць?»

Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі адзначыў тады, што эўрапейскія структуры маюць намер «аднавіць свае спробы стварыць дэмакратычна прыймальныя ўмовы для выбараў». Спадар Вік пацьвердзіў, што місія АБСЭ будзе зноў аказваць дапамогу грамадзкім арганізацыям у стварэньні эфэктыўнае сеткі назіраньня за выбарамі. На думку спадара Віка, «яшчэ надта рана казаць, ці будзе прагрэс у дэмакратызацыі дзейнай аўтарытарнай сыстэмы». Ён таксама ня выключыў магчымасьць байкоту прэзыдэнцкіх выбараў.

Нажаль, спадар Вік сёньня знаходзіцца не ў Беларусі — таму нам не ўдалося зь ім зьвязацца. Супрацоўнікі місіі, у прыватнасьці спадарыня Беата Тышкевіч, у ягоную адсутнасьць адмовіліся камэнтаваць сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org