RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 28 Лістапада 2000

Сёньня



Днямі ў газэце Tagesspiegel зьявіўся артыкул “Украіна, Беларусь і Малдова: паміж Эўрапейскім Зьвязам і Расеяй”. Падаем ягоную частку, датычную Беларусі.

Пасьля пашырэньня на Ўсход суседзямі Эўразьвязу стануць краіны з эканамічным і дэмакратычным дэфіцытам

Дорыс Гайман

Калі лідэр беларускай апазыцыі ўзыходзіць на памост, віцэ-міністар замежных справаў зь Менску ўжо пасьпявае пакінуць рынг. Браць удзел у дыскусіі пра сытуацыю ў сваёй краіне разам з палітычным супернікам — для прадстаўніка рэжыму Лукашэнкі гэта ўжо відавочна было б праявай залішняй дэмакратыі. Падзеі на форуме фонду Фрыдрыха Наўмана ў Бэрліне выразна паказалі, як далёка былая савецкая рэспубліка Беларусь стаіць ад якіх бы там ні было нормаў Эўрапейскага Зьвязу. Тым ня менш гэтая краіна — гэтаксама як Украіна і Малдова — у сьвятле плянаванага пашырэньня Эўразьвязу на Ўсход і ўступленьня ў гэтую арганізацыю Польшчы й Румыніі неўзабаве можа займець з Эўрапейскім Зьвязам супольную мяжу. Такім чынам, праблема фармаваньня дачыненьняў паміж краінамі Эўразьвязу і ягонымі ўсходнімі суседзямі, якія ня маюць статус кандыдатаў на ўступленьне, набывае ўсё большую важнасьць.

Асабліва шмат цяжкасьцяў тут зь Беларусьсю: Эўразьвяз замарозіў свае кантакты з гэтай краінай у выніку спрэчкі вакол рэзыдэнцыяў амбасадараў у 1997 годзе. Віцэ-міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў заклікаў краіны Эўрапейскага Зьвязу перагледзець гэтае рашэньне: «Калі ў нашых дачыненьнях надалей захаваецца цяперашняя мэнтальная апатыя, скончыцца тым, што ў Эўропе ўздымецца эканамічная жалезная заслона». Як транзытная краіна, Беларусь зацікаўленая ў добрых дачыненьнях як з Заходняй Эўропай, гэтак і з Расеяй. Аднак Мартынаў таксама падкрэсьліў, што Менск мае намер надалей прытрымвацца свайго курсу: «Нашыя праблемы будзем вырашаць мы самі, а не Брусэль, Вашынгтон або Масква».

Прадстаўнік апазыцыі Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, папярэдзіў перад небясьпекай зацяжной дыктатуры: «Ключ да бясьпекі ў Польшчы і Балтыцы ляжыць у дэмакратычнай Беларусі». Пры сярэднім заробку эквівалентнаму 80 маркам незадаволенасьць насельніцтва рэжымам расьце. Лябедзька выказаў аптымістычнае меркаваньне, што ў наступным годзе апазыцыі ўдасца правесці справядлівыя прэзыдэнцкія выбары і зьмяніць Лукашэнку на пасадзе прэзыдэнта.

[...]

Пераклаў
Сяргей Шупа


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org