RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 27 Лістапада 2000

Сёньня



Мы зноў узгадваем імя славутага Ўладзімера Караткевіча. У дні адзначэньня ягонага 70-годзьдзя сваімі ўспамінамі з нашым карэспандэнтам Паўлам Мажэйкам падзялілася гарадзенская паэтка Данута Бічэль.

(Мажэйка: ) “Данута Янаўна, вы ўпершыню сустрэліся з Уладзімерам Караткевічам у 1957 годзе. Распавядзіце пра свае першыя ўражаньні аб гэтым чалавеку”

(Бічэль: ) “Я паехала ў Менск. Былі тады часта такія запрашэньні маладых на нейкія пленумы, на Рады Саюзу пісьменьнікаў, калі ставілася пытаньне пра маладую літаратуру. І вось я аднойчы паехала ў Менск, у Саюз пісьменьнікаў, і там убачыла Валодзю. Ён быў у такім пінжаку з кароткімі рукавамі, вось як пра Янку Купалу нехта ўзгадвае. Пад рукою, прыціснуўшы пад пахай, ён трымаў вялікую старую кнігу ў прыгожых вокладках. Мне запомніўся вось гэты вобраз. Гэткага худога юнака з тонкай доўгай шыяй, вельмі акуратна падстрыжанага. Мне тады здавалася, з блакітнымі вачыма. Але насамрэч, у яго адно вока было блакітнае, а другое – карае. У яго былі розныя вочы. І ён з гэтай кнігай сядзеў на гэтай Радзе. Раптам устаў чамусьці, калі пра мяне гаварылі, ці што, устаў і памахаў мне рукой, і нават зрабіў такі паветраны пацалунак.”(Данута Бічэль сьмяецца)

(Мажэйка: ) “Данута Янаўна, а калі Караткевіч упершыню прыехаў у Гародню?”

(Бічэль: ) “Гэта я ведаю дакладна. Ён прыехаў у Гародню ўпершыню ажно ў 1965 годзе. Гэта было недзе ў маі. Я хадзіла на сустрэчы зь ім у сукенцы. Нават памятаю, якая гэта была сукенка – я была цяжарная, чакала сына Валера. Караткевіч у той час пісаў кнігу “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, і кніга практычна ў галаве была складзеная. І вось апошні штрых, апошняя паездка ў Гародню, каб убачыць гэты горад, пра які ён будзе пісаць.

Ён мне патэлефанаваў, і мы зь ім сустрэліся – там, дзе замкі, стары і новы, на гэтым мосьце. Яму настолькі спадабаўся гэты горад, што ён казаў: “Як я буду прэзыдэнтам Беларусі, дык я гэты горад зраблю вялікім-вялікім, зь нечага невідочнага, але гэта будзе ня шкло. І накрыю гэты горад, каб ён не разбураўся – таму, што гэта нашая гісторыя.”

(Мажэйка: ) “Данута Янаўна, ці можаце вы прыгадаць якія-небудзь словы, учынкі, падзеі, зьвязаныя з Уладзімерам Караткевічам, што запомніліся вам на ўсё жыцьцё?”

(Бічэль: ) “Ну, канешне. Як я магу не запомніць. Ён любіў перад жанчынамі станавіцца на калені. І вось аднойчы я іду па Менску, дождж марасіць, сыра, і выходзіць вось, дзе скверык Купалаўскі, на прашпэкт, Валодзя. Убачыў мяне і так усьцешыўся, што стаў перада мной на калені. А там якраз тралейбусны і аўтобусны прыпынкі, людзі глядзяць. А ён проста так вось зрабіў”.

(Мажэйка: ) “Данута Янаўна, ці памятаеце вы сваю апошнюю сустрэчу з Караткевічам?”

(Бічэль: ) “Гэта было, калі мы сьвяткавалі стагодзьзе ад народзінаў Купалы. Я сядзела ў Менску ў 1982 годзе. Пазваніла Валодзю і Валі, і яны запрасілі мяне дадому. Валодзя сядзеў у такой майцы, без рукавоў. Сядзеў на канапе, і каля яго ляжалі дзіцячыя лялькі. Ён гладзіць гэтыя лялькі і кажа: “Гэта мае дзеці”. Так мне балюча было, дзяцей у яго не было, і ён мучыўся ад таго, што няма каго прытуліць. Ён мне кажа: “Якая ты шчасьлівая, у цябе ёсьць сабака, а я сабе не магу дазволіць сабаку, таму, што яе трэба выводзіць, а тут цэнтар гораду, і я сябе не заўсёды добра адчуваю”.

Потым, калі мы разьвітваліся, мы размаўлялі пра Купалу, і Караткевіч раптам засьпяваў песеньку. Ён сказаў, што яе вельмі любіў Купала, можа гэта і няпраўда, але вось вельмі прыгожа ён скончыў гэты наш вечар. Ён засьпяваў: “Барсучыха і барсук кахаліся цераз сук, а маленькі барсучок праз малюсенькі сучок”. Я з гэтым добрым настроем так і пайшла ад яго”.

Гэта была знаная гарадзенская паэтка Данута Бічэль. Яна ўзгадвала пра свае сустрэчы з Уладзімерам Караткевічам.

Павал Мажэйка, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org