RFE/RL |
Аўторак, 28 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Напярэдадні 80-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну ў віленскім цэнтры Таварыства беларускай культуры адбылася імпрэза, прысьвечаная гэтай даце, а таксама 70-годзьдзю з дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. Паводле словаў прафэсара Сямёна Шарэцкага, што браў удзел у імпрэзе, тое, што дзьве гэтыя даты адзначаюцца ў адзін дзень, сымбалічна. Бо яны знамянуюць сабой ня толькі волю беларускага народу да самастойнага жыцьця, за якое варта змагацца са зброяй у руках, але і асэнсаваньне гэтай волі ў творчасьці такога волата культуры, як Уладзімер Караткевіч. Расказваючы пра жыцьцё і творчасьць слыннага пісьменьніка, абедзьве дакладчыцы, Лілія Сазанавец і Леакадзія Мілаш, акцэнтавалі нэардынарнасьць і чалавечую прыцягальнасьць асобы Краткевіча. Яго адкрытасьць да навакольнага сьвету, культуры народаў, да людзей рознага стану. У той жа час, ён быў менавіта Беларускім пісьменьнікам, які жыў адвечнымі катэгорыямі экзыстэнцыі свайго народу і вымяраючы жыцьцё гэтымі катэгорыямі. Таму ж вучыў сваіх чытачоў. Настаўніца віленскае беларускае школы імя Францішака Скарыны Леакадзія Мілаш праілюстравала свой выступ выдатнымі малюнкамі вучняў школы да асобных твораў пісьменьніка. Дарэчы, юбілей Уладзімера Караткевіча быў адзначаны і ў самой беларускай школе, дзе з вычарпальным паведамленьнем перад вучнямі і настаўнікамі выступіла выкладчыца віленскага пэдагагічнга ўнівэрсытэту Ніна Пяткевіч. А сваімі ўспамінамі пра сустрэчы зь пісьменьнікам падзялілася старая віленчанка Галіна Войцік. Што датычыць Слуцкага збройнага чыну, дык ягоны юбілей адзначаны толькі ў Таварыстве Беларускай культуры. Асноўны дакладчык, настаўнік Павал Саўчанка, адзначыў невыпадковасьць і самога паўстаньня, і рэгіёна, дзе яно разгарнулася. Падрыхтоўка чыну была прымеркаваная да разьвядзеньня войскаў Польшчы і савецкае Расеі, пасьля толькі што скончанай паміж імі вайны. На ўтворанай такім чынам нэўтральнай паласе ўладу ў свае рукі ўзяла Рада Слуцка, якая ў адпаведнасьці з плянамі Рады БНР распачала ўзброеную барацьбу супраць агрэсіі з боку Расеі. Случчына некалькі апошніх стагодзьдзяў была цэнтрам пісьменнасьці і
культуры на тэрыторыі Беларусі. Нацыянальная сьведамасьць мясцовага жыхарства
вызначыла масавы характар удзелу случакоў у абодвух палках Збройнага Чыну
і ў актыўным ягоным рэзэрву.
Дакладчык адзначыў вялікую ролю кіраўніка Рады Ўладзімера Пракулевіча, капітанаў Семянюка, Анцыповіча, Сокал-Кутылоўскага, падпалкоўніка Мамыловіча ў арганізацыі абароны краю. Слуцкі Збройны Чын адыграў вялікую ролю ў барацьбе беларускага народу за сваю незалежнасьць. Беларускія патрыёты змагаліся супраць далучэньня да Расеі, бо СССР быў стварэньнем несамастойным, і на ягоным чале стаялі бальшавікі. Слуцкі Збройны Чын дэманструе волю беларускага сялянства адстойваць незалежнасьць сваёй краіне. Гэта ня толькі першае вялікае антыбальшавіцкае паўстаньне, але й першы яскрава выражаны нацыянальна-вызвольны рух, што і вызначае яго гістарычнае значэньне як для беларускага народу, так і для ўсіх народаў, зьняволеных бальшавікамі. Пры канцы імпрэзы прысутны на ёй прадстаўнік летувіскага камітэту па
правох чалавека Стасіс Каўчыніс уручыў памятныя мэдалі камітэта старшыні
Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямёну Шарэцкаму,
Ёнас Лаўрынавічус, Вільня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |