RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 28 Лістапада 2000

Сёньня



Першыя ж галасаваньні ў камісіях новаабранае “Палаты прадстаўнікоў” выявілі шэраг меркантыльных інтарэсаў, зь якімі дэпутаты прыйшлі ва ўладу. Пры поўнай пасыўнасьці пад час вылучэньняў у камісіі, якія займаюцца эканамічнымі ды сацыяльнымі пытаньнямі, колькасьць тых, хто пажадаў трапіць у міжнародную камісію, перавысіла ўсе чаканьні. Між тым, міністэрства фінансаў усталявала нормы выдаткаў пад час замежных паездак дэпутатаў.

Сытуацыя, калі заканатворцы неахвотна ідуць працаваць, напрыклад, у камісіі па навуцы, эканоміцы ці адукацыі, затое любым чынам імкнуцца трапіць у міжнародную камісію, наўпрост паўтарае тое, што нядаўна адбывалася ў расейскай Дзяржаўнай думе. Там ажно 56 групаў міжнароднага сяброўства і абсалютны рэкардсмэн ад фракцыі “Единство”, нехта Копцеў-Дворнікаў, які запісаўся сябраваць з 29 краінамі сьвету. Тлумачыцца гэта проста: ёсьць рэальная магчымасьць ня толькі сьвет пабачыць, але й крыху зарабіць.

Мы атрымалі магчымасьць пазнаёміцца з памерамі “камандзіровачных” выплатаў, вызначаных Міністэрствам фінансаў адмыслова для дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў”. Гіпатэтычны візыт у Вялікую Брытанію падмацоўваецца 35 фунтамі стэрлінгаў сутачных і да 100 фунтаў на жытло. Ганконг — $45 сутачных і да $300 за гатэль. Намібія — адпаведна $50 і $80, Славенія — 50 і 55, Чэхія — 35 і 90. Зь фінансавага пункту гледжаньня самая непрывабная паездка — у Эстонію (усяго 15 нямецкіх марак за суткі). Праўда, самыя прыбытковыя паездкі (напрыклад, на паседжаньні Эўрапарлямэнту ў Страсбург (а гэта $200–300), беларускім дэпутатам недаступныя.

На якіх падставах у Менску вызначаліся кандыдаты на аднабаковае сяброўства, цяжка сказаць. Усяго ў сьпісе 53 краіны: ад суседняе Польшчы да экзатычнае Кабо-Вэрдэ. Краіны са спэцыфічнай рэпутацыяй (Ірак, Іран, КНДР, Калюмбія, Куба, Лівія ды шэраг іншых) складаюць большасьць патэнцыйных партнэраў беларускіх заканадаўцаў. Затое нават тэарэтычна ня маюцца на ўвазе кантакты з калегамі з Францыі, Нямеччыны, ЗША, Швайцарыі ды іншымі краінамі сталае дэмакратыі.

Вось што мяркуе наконт пэрспэктывы міжнароднай актыўнасьці “Палаты прадстаўнікоў” Анатоль Лябедзька, які ўваходзіў у склад міжнароднай камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі.

(Лябедзька: ) “Пакуль што ідзе рэакцыя на “лэйбу” Камісіі міжнародных справаў. Гучыць прывабна, адразу асацыяцыі – Бэрлін, Парыж… Пра гэта можна толькі марыць, знаходзячыся ў “Палаце”. Людзі не вывучаюць некторыя дакумэнты міжнародных арганізацый, нацыянальных урадаў і парлямэнтаў. Адназначная пазыцыя ў адносінах да выбараў, да “Палаты прадстаўнікоў”… Можна, натуральна, плянаваць нейкія паездкі ў экзатычныя краіны ў фармаце Міжпарлямэнцкага саюза, які, відаць, і далей будзе прызнаваць “Палату прадстаўнікоў”. Няма нічога дзіўнага – там ёсьць падстаўнікі Фідэля Кастра, Садама Гусэйна, Муамара Кадафі. Таму могуць быць выезды ў афрыканскі рэгіён, калі-нікалі ў Эўропу, ну і ў СНД. Таму спадзяваньні вялікія, а рэальнасьць і пэрспэктывы – ня вельмі прывабныя”.

Мінулы склад “Палаты прадстаўнікоў” цягам усяго тэрміну толькі 6 разоў здолеў выправіцца ў госьці. Прымалі беларускіх дэпутатаў Куба, Кітай, Віетнам, Іран, Югаславія ды Ізраіль. Чарговае непрызнаньне ўсясьветным супольніцтвам вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Беларусі азначае, што спадзяваньні на палітычны турызм заўчасныя.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org