RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 28 Лістапада 2000

Сёньня



(эфір 27 лістапада)
Беларускія палітыкі камэнтуюць шэраг нечаканых адставак у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. На думку большасьці, радыкальная акцыя была сплянаваная загадзя і мае на мэце ўмацаваньне ўлады Лукашэнкі напярэдадні выбарчае кампаніі.

Такія масавыя перастаноўкі ва ўладзе адбываюцца ўпершыню. Прынясеньне ў ахвяру сталых паплечнікаў і набліжэньне новых фаварытаў разглядаецца як пошук аптымальных варыянтаў пад час прапагандысцкае кампаніі напярэдадні выбараў.

Гаворыць сябра Беларускага Гэльсынскага Камітэту, былы супрацоўнік беларускага КГБ, Сяргей Аніська, які, дарэчы, цягам доўгага часу судзіўся зь Віктарам Шэйманам за артыкул у газэце “Навіны”.

“Я разглядаю дзьве вэрсіі. Найперш, фільм Паўла Шарамета і ананімны ліст у СМІ ад афіцэра КГБ. У сувязі са зьнікненьнем знакавых палітыкаў распачаўся скандал. Трэба было даваць адказ: хто вінаваты. З таго, што сапраўдных вінаватых Лукашэнка не называе, ён аддае грамадзтву, апазыцыі ўскосных: Шэймана, Бажэлку й Мацкевіча. Маўляў, гэтыя нічога не зрабілі ў справе пошукаў. Іншая вэрсія мае на ўвазе прэзыдэнцкія выбары. Першы да гэтага званочак — “парада” Канаплёву не балятавацца на пасаду сьпікера. Вывад за штат Шэймана й Бажэлкі, якія ўнесьлі свой плён у колішнюю перамогу Лукашэнкі, з тае ж сэрыі. Магчыма, пачалося фармаваньне выбарчага штабу, які пачне працаваць па-за дзяржаўнай службаю”, — лічыць Сяргей Аніська.

Адметна, што Лукашэнка правёў рэвізыю ў сваім кадравым атачэньні якраз напярэдадні візыту расейскага прэзыдэнта Пуціна. Вось што мяркуе з гэтае нагоды лідэр БСДП “НГ” Мікола Статкевіч.

(Статкевіч: ) “Сэнс гэтых перастановак, па-першае, зрабіць імідж рэжыму менш адыёзным, але ня з мэтай, каб адкрыць рэжым на Захад, а з мэтай, каб зьменшыць крытыку Расеі на Захадзе за падтрымку гэтага рэжыму. І другая мэта гэтых перастановак, гэта, па сутнасьці на ключавыя пасады замест адданых Лукашэнку ці проста мясцовых беларускіх кадраў ставяцца людзі, ці больш дакладна КДБ, якія, па-сутнасьці, зьвязваюць з ФСБ. Мацкевіч – гэта мясцовы беларускі кадр, і калі замест яго ставяць Ерына, які з ФСБ да нас прыехаў, то гэта значыць, што Лукашэнка аддае, па сутнасьці, у рукі ФСБ сілавую структуру. Ён яшчэ прыбірае Латыпава з заходняга накірунку, і гэта сьведчыць пра тое, што спробы прарвацца там, атрымаць нейкае прызнаньне на Захадзе – па сутнасьці ідзе адмова ад іх”.

Апытаныя палітыкі падкрэсьліваюць, што практычна ўсе ўладныя вылучэнцы апынуліся ў Беларусі 15–20 гадоў таму паводле разьмеркаваньня, і ня маюць ніякіх беларускіх каранёў. Таму, чые інтарэсы адлюстроўваюць гэтыя асобы ў беларускай уладзе, застаецца толькі здагадвацца. Распавядае Мечыслаў Грыб…

(Грыб: ) “У нашай краіне ўмацаваўся таталітарны рэжым, пры якім кіраўнік за адзін дзень, за адну гадзіну можа замяніць увесь урад. Што гэта можа азначаць? Можа нейкую змову выкрылі супраць кіраўніка ўлады... Чаму такая рэакцыя адбылася хутка? Ён жа на днях сутракаўся зь імі ўсімі… А мабыць, нешта пацьвердзілася з таго ананімнага ліста аб зьнікненьні Завадзкага і Ганчара, што высьветліла гэтыя адносіны. Мне здаецца, што ў бліжэйшы час, у бліжэйшыя дні гэта ўсё неяк праясьніцца. Што б там не было, я думаю, зьявіліся нейкія надзвычайныя абставіны ў нашай слаўнай краіне, што прымусіла кіраўніка так жорстка ў адзін дзень зрабіць такія крокі”.

Гэта было меркаваньне Мечыслава Грыба.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org