RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 27 Лістапада 2000

Сёньня



(эфір 26 лістапада)
Сёньня ў Віцебску зноўку былі затрыманьні. Міліцыянты Кастрычніцкага РАУС прапанавалі двум сябрам “Маладога фронту” Сержуку Аксімовічу і Сержуку Васенку пасьля пікетаваньня праехаць зь імі ў пастарунак.

Пікет быў несанкцыянаваны і праходзіў на цэнтральнай вуліцы Леніна, насупраць гарадзкой ратушы. У руках пікетоўшчыкі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і плякаты: “Не – палітычнаму бязьмежжу ў Беларусі!”, а таксама плякаты з пратэстамі супраць жабрацкага стану насельніцтва. Сярод васьмі ўдзельнікаў-маладафронтаўцаў нечакана апынуўся і прадстаўнік віцебскага камсамолу Зьміцер Сялюк.

Мінакі паставліся да маладзёвай акцыі даволі добразычліва, уступалі ў размовы наконт цяжкага сучаснага стану жыцьця. Але былі й такія, пераважна сталага веку, якія падыходзілі лаяцца. Адна бабулька ўпарта крычала на хлапцоў: “Адмарозкі!“

Прыкладна праз паўгадзіны зьмерзлыя на сцюдзёным ветры пікетоўшчыкі разыйшліся, а спадары Аксімовіч і Васенка з разгорнутымі сьцягам і плякатам “Чаму студэнт атрымлівае стыпэндыю ў шэсьць даляраў?” накіраваліся ўздоўж вуліцы Леніна да галоўнага пляцу места. Недзе празь дзьвесьце мэтраў іх і затрымалі міліцыянты.

У пастарунку быў складзены рапарт пра затрыманьне і праведзеная выхаваўчая размова, у часе якой міліцыянты вымушаныя былі згадзіцца, што заробкі, нават у іх саміх, безумоўна, не дазваляюць жыць нармальна. Дарэчы, паводзілі сябе працаўнікі ворганаў карэктна, прынялі ў якасьці падарунка дэклярацыю правоў чалавека. Адзін зь іх пачаў яе чытаць, але хутка прызнаўся, што дрэнна разумее сэнс артыкулаў.

У выніку праз сорак хвілінаў затрыманых адпусьцілі і нават вярнулі сьцяг і плякат. Цяпер хлопцы рыхтуюцца атрымаць позвы ў суд, але спадзяюцца прыняць удзел у наступнай акцыі 10-га сьнежня, ў дзень абароны правоў чалавека.

Алег Жукоўскі, Віцебск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org