RFE/RL |
Панядзелак, 27 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Ужо 100 тысячаў беларускіх настаўнікаў выказаліся супраць сацыяльна-эканамічнае палітыкі ўладаў у сфэры адукацыі. Сёньня прафсаюзы пачалі канчатковы падлік галасоў пратэсту, сабраных у настаўніцкім асяродку. Канчатковая лічба настаўнікаў, якія падтрымалі акцыю пратэсту супраць зьбядненьня, будзе агучаная пасьля 1 сьнежня. Як паведамілі нашаму радыё ў прафсаюзе працаўнікоў адукацыі, зараз вядзецца падсумаваньне вынікаў акцыі рэгіянальнымі структурамі. Гаворыць намесьніца старшыні рэспубліканскага камітэту гэтага прафсаюзу Алена Морава: (Морава: ) “Мы зараз лічым па тых дадзеных, якія ў нас ёсьць, недзе каля 100 тысячаў павінна у нас быць. Нам бы не хацелася з гэтага рабіць шуму, нам патрэбныя вынікі”. (Карэспандэнт: ) “У якіх месцах назіралася найбольшае супрацьдзеяньне збору подпісаў?” (Морава: ) “Паводле нашых дадзеных, гэта Гарадзенская і Магілеўская вобласьці. Ну а так дзе-нідзе па школах”. - зазначыла Алена Морава. Старшыня настаўніцкага прафсаюзу Гарадзенскае вобласьці Аляксандар Падгайчанка пацьвердзіў сёньня, што ў шэрагу раёнаў меў месца ціск уладаў на настаўнікаў з мэтаю спыненьня прафсаюзнае кампаніі. Асабліва нэрвова на пратэст настаўнікаў адрэагавалі “вэртыкальшчыкі” абласнога цэнтру й двух раёнаў — Мастоўскага і Ашмянскага. Аднак, нягледзячы на запалохваньне, сярод мясцовых пэдагогаў аказалася шмат сьмелых, якія працягвалі падпісвацца пад патрабаваньнямі да ўладаў. І на сёньняшні дзень, як зазначыў спадар Падгайчанка, колькасьць “падпісантаў” сьведчыць пра масавы характар настаўніцкага незадавальненьня: “Больш за 17 тысячаў у нас подпісаў. У Горадні падпісаліся 3 тысячы настаўнікаў, у Лідзе — 2500. Неадкладных пераменаў у аплаце працы патрабуюць і амаль столькі ж ваўкавыскіх настаўнікаў. Зьвяртаюць на сябе ўвагу і цяперашнія настроі настаўніцтва. Падтрымка дзеяньняў прафсаюзаў у параўнаньні зь леташнім годам больш актыўная”, — паведаміў Аляксандар Падгайчанка. Настаўнікі Магілеўшчыны таксама мусяць рабіць выбар у атмасфэры пагрозаў з боку выканаўчых структураў. Як паведаміў сёньня старшыня абласнога камітэту прафсаюзу адукацыі Сяргей Вінаградаў, і тут 17 тысячаў пэдагогаў ужо зрабілі гэты выбар на карысьць зьменаў. “У двух раёнах — Круглым і Касьцюковічах — кіраўніцтва забараніла нашу акцыю. Улады абгрунтавалі свае дзеяньні тым, што патрабаваньні настаўнікаў незаконныя, а сама акцыя нібыта палітычная. А вось у Бялынічах прайшлі сходы настаўнікаў, якія выказаліся за тое, каб зьбіраць подпісы насуперак ціску. А ў Мсьціслаўі адбылося й наогул неверагоднае. Загадчыца аддзелу адукацыі скрала подпісы ў старшыні прафсаюзу. Мы выказалі сваё абурэньне такімі дзеяньнямі. Пасьля гэтага нам паабяцалі, што па Мсьціслаўю прывязуць подпісы, але пакуль не прывезьлі,” — паведаміў Сяргей Вінагарадаў. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |