RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 27 Лістапада 2000

Сёньня



Адстаўкі ў сілавых структурах камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, які бачыць у іх далейшае ўмацаваньне пазыцыяў Расеі ў Беларусі.

(Пазьняк: ) “Ёсьць правілы расейскай палітыкі, і калі адбываецца ўнутраная акупацыя краіны, то яна ідзе паводле адпаведных стандартаў. Першым чынам займаюцца ключавыя пасады, ключавыя пазыцыі, другім чынам займаюцца ўсе ключавыя інфармацыйныя пазыцыі, потым зьнішчаецца аснова для пратэсту – гэта закрываюцца школы, зьнішчаецца ўсё нацыянальнае, ствараецца сваё лёбі ў апазцыі або свая апазыцыя, і толькі пасьля гэтага ўмацаваньня адбываецца рашаючы крок – выганяюцца ўсе людзі па этнічнай прыкмеце. І вось зараз гэта адбываецца. І тое, што і Шэйман будзе зьняты, Пашкевіч, і Бажэлка… усе гэтыя людзі…і Антановіч, які вельмі быў аддадзены – гэта ўсё вядомае гісторыку. Гісторык, які вывучае гісторыю Візантыі і Расеі, павінен гэта ведаць. Тым больш мы маем 30-40 гады, маем дзейнасьць НКВД і дастаткова добра яе вывучалі, а цяпер да ўлады ў Расеі прыйшла НКВД. На Беларусі гэта дабылося трошкі раней. Яна ня будзе праводзіць марсыянскую палітыку, гэтая арганізацыя, яна будзе праводзіць сваю, згодна сваім уяўленьням і правілам, мэнтальнасьці. І яны гэта робяць. Лукашэнка – гэта іхная крэатура. І як толькі гэтая крэатура выканае ўсё, што ім трэба, яны яе прыбяруць”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму менавіта сёньня адразу тры такія буйныя адстаўкі? Вашая вэрсія?”

(Пазьняк: ) “Стратэгічная задача Масквы – захаваць свой уплыў на Беларусь. І для таго, каб захаваць свой уплыў на Беларусь, яны павінны гарантаваць сябе ад усялякіх выпадковасьцяў. Лукашэнка зараз поўнасьцю ў іх руках, ён стараецца неяк праявіць пэўную сваю самастойнасьць, нічога з гэтага не арымліваецца, таму тое, што зараз адбываецца, сьведчыць аб тым, што Лукашэнка перастае канчаткова быць самастойнай асобай. Ідзе падрыхтоўка да выбараў прэзыдэнта, і Масква ўсё больш схіляецца да таго, каб зрабіць югаслаўскі варыянт – каб знайсьці свайго Каштуніцу, і зусім верагодна, што нехта з гэтых зьнятых людзей, будзе выконваць гэтую ролю Каштуніцы, хутчэй за ўсё Мясьніковіч, якога таксама здымуць”.

Гутарыла

Вольга Караткевіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org