RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 27 Лістапада 2000

Сёньня



На месца дзяржаўнага сакратара Віктара Шэймана прызначаны былы віцэ-прэм’ер Урал Латыпаў, пасаду старшыні КГБ замест Уладзімера Мацкевіча заняў ягоны былы намесьнік Леанід Ерын, месца генэральнага пракурора Алега Бажэлкі пакуль застаецца вакантным. Вядучыя беларускія палітыкі актыўна камэнтуюць кадравыя перамены ў беларускім кіраўніцтве.

Чарговыя зьмены ў бліжэйшым атачэньні Аляксандра Лукашэнкі адбыліся ў панядзелак уранку, што само па сабе нязвыкла для Беларусі, дзе стала нормаю, што кадравыя ўказы кіраўнік дзяржавы падпісвае ў пятніцу.

Згадваецца, што зусім нядаўна, у мінулы чацьвер, Лукашэнка зьбіраў у сябе і Віктара Шэймана, і Ўладзімера Мацкевіча, і Алега Бажэлку, і новага міліцэйскага міністра Ўладзімера Навумава, каб абмеркаваць, як ідзе расьсьледваньне справаў Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара ды іншых зьніклых. На кіраўнікоў сілавых ведамстваў была абрынутая жорсткая крытыка, але да адставак справа не дайшла.

І вось высьвятляецца, што толькі Ўладзімер Навумаў з прысутных на той нарадзе на гэты момант захаваў сваю пасаду. Дзяржаўны сакратар Віктар Шэйман, які нязьменна быў пры прэзыдэнце з 1994 году, і Ўладзімер Мацкевіч, які кіраваў КГБ з 1995 году, накіраваныя ў адстаўку. Звольнены й былы генэральны пракурор Алег Бажэлка.

У заяве прэсавага сакратара Лукашэнкі, агучанай дзяржаўнымі СМІ, адстаўкі гэтых асобаў зьвязваюцца зь незадаволенасьцю кіраўніка дзяржавы тым, як вялося расьсьледваньне справаў зьніклых.

Але ці прымуць гэты афіцыйны матыў грамадзяне Беларусі? Вось што думаюць пра прычыны адставак асноўных сілавікоў вядучыя беларускія палітыкі.

Былы прэм’ер Беларусі й кандыдат у прэзыдэнты Міхал Чыгір асабліва вітаў зьняцьцё з пасады генэральнага пракурора Алега Бажэлкі й выказаў перакананьне, што знайсьці яму адэкватную замену Лукашэнку будзе цяжка. Чыгір лічыць, што адстаўкі сапраўды сталі вынікам незадаволенасьці Лукашэнкі сілавікамі, але ён ня думае, што адстаўнікі рыхтавалі нейкую змову…

(Чыгір: ) “Не, якая змова? Якая змова? Я добра ведаю Шэймана. Бажэлка прадэманстраваў ня раз, што ён гатовы служыць прэзыдэнту па самае апошняе. Ніякай там змовы быць не магло”.

(Карэспандэнт: ) “Значыцца, дрэнна служылі?”

(Чыгір: ) “Дрэнна служылі. Што ж у нашай краіне адбываецца? Падаткаплацельшчыкі ўтрымоўваюць службы, якія робяць такія ўчынкі, як стала вядома, з Завадзкім? Ну гэта ж наогул… Тут ня толькі Шэйман, Мацкевіч і Бажэлка павінны ісьці ў адстаўку, тут і прэзыдэнт павінен ісьці ў адстаўку, каб хапіла сумленьня”.

Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка згодны, што адстаўкі зьвязаныя з расьсьледваньнем гучных справаў, але, галоўная прычына, на думку Юрыя Хадыкі — гэта падрыхтоўка Лукашэнкі да падзеяў, якія мусяць адбыцца ў 2001 годзе:

(Хадыка: ) “Я думаю, што гэта пакуль не палацавы пераварот. Думаю, што гэта ёсьць умацаваньне асабістых пазыцыяў Лукашэнкі перад выбарамі. Ён усіх тых людзей, якія мелі нейкі ўплыў, мелі рычагі ўзьдзеяньня на сытуацыю, замяняе на новых, у якіх такіх магчымасьцяў будзе менш, якія будуць вымушаныя, скажам так, непасрэдна выконваць загады. Думаю, што гэта пакуль што яго актыўныя дзеяньні, накіраваныя на падрыхтоўку да выбараў”.

Камэнтуючы прызначэньні на вызваленыя пасады Ўрала Латыпава і Леаніда Ерына, Юры Хадыка адзначыў, што гэта чарговыя выхадцы з Расеі, якія аказваюцца ў бліжэйшым атачэньні беларускага кіраўніка разам з прэм’ерам Ярмошыным і сьпікерам Паповым. На думку намесьніка старшыні БНФ, гэты дызбалянс сьведчыць пра тое, што ў вышэйшым кіраўніцтве краіны хутка не застанецца людзей, якія б хоць крыху дбалі пра незалежнасьць Беларусі.

Калі Юры Хадыка з сумневам ставіцца да сьцьвярджэньня, што ў атачэньні Лукашэнкі лібэралы перамагаюць рэакцыянэраў, дык старшыня АГП Анатоль Лябедзька гэтую вэрсію не выключае.

(Лябедзька: ) “Калі глядзець па пэрсаналіях, хто там каго зьмяніў, нехта скажа, што гэта расейскі сьлед. Але на мой погляд, гэта ўсё ж значна слабейшая вэрсія, калі яе дапусьціць, што Лукашэнка зараз паддаецца на кадравыя перамены, якія яму дыктуе Масква, то ён, значыць, пагадзіўся з тым, што ён ня будзе пераабраны на другі тэрмін. Таму што кадры, якія нехта падстаўляе, гэта, натуральна, не пад яго кандыдатуру. Я гэта дапускаю менш за ўсё. Тут ўзьнікае пытаньне, што калі ён так прарэагаваў, ці не падштурхне гэта да ўтварэньня нейкага кляну ці новага выплеску інфармацыі. Я думаю, што ў Лукашэнкі ёсьць нейкі вопыт як прымушаць людзей маўчаць, калі яны нават сыходзяць з высокіх пасадаў. Але я не выключаю, што чым бліжэй будуць прэзыдэнцкія выбары, чым больш будзе хістацца рэжым Лукашэнкі, то могуць загаварыць усе – і Ціцянкоў, і Сініцын, і Шэйман, і Мацкевіч, і ўсе астатнія. Тое, што адбылося, гэта толькі сьведчыць аб слабасьці Лукашэнкі. Лукашэнка адчувае сябе няўпэўнена, Лукашэнка адчувае сябе няўтульна, і гэта якраз дадатковы шанец для апазыцыі”.

Гэта было меркаваньне лідэра АГП, аднога зь вядучых палітыкаў гэтак званае новае хвалі Анатоля Лябедзькі.

Ва ўказе Лукашэнкі названы й пераемнік Урала Латыпава на пасадзе віцэ-прэм’ера й міністра замежных справаў. На гэтыя пасады прызначаны былы дарадца Лукашэнкі, кадравы дыплямат Міхал Хвастоў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org