RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 27 Лістапада 2000

Сёньня:



Учора Асамблея няўрадавых грамадзкіх аб’яднаньняў Гомельскага рэгіёну заявіла пра дамаганьне сваёй рэгістрацыі як юрыдычнай асобы і ўдзел у вылучэньні й падтрымцы адзінага дэмакратычнага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

59 прадстаўнікоў грамадзкіх суполак з Рэчыцы, Мазыра, Лельчыцаў, Лоеву, Сьветлагорску ды іншых гарадоў сабраліся ў вучэбна-мэтадычным цэнтры прафсаюзаў, каб вызначыць сваё дачыненьне да фармаваньня грамадзянскае супольнасьці ў рэгіёне. І перш за ўсё шляхам пашырэньня дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў.

Паводле інфармацыі сябра рады асамблеі, старшыні абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктара Карнеенкі, пасьля праведзенае ўладамі прымусовае перарэгістрацыі грамадзкіх суполак іхная колькасьць у рэгіёне зьменшылася на цэлую сотню. Цяпер у 10 раёнах з 21 няма ніводнай зарэгістраванай дэмакратычнай арганізацыі грамадзянаў.

Чыноўнікам управы юстыцыі прыйшліся недаспадобы рагачоўская суполка “Грамадзянскі выбар”, Гомельскі культурна-асьветніцкі цэнтар “Яравіт”, жлобінскае аб’яднаньне “Карані” ды шмат якія іншыя.

Таму задачу Асамблеі Мікола Анісавец з Лоеву, Пётра Мірашнічэнка са Жлобіну, Віктар Раманішка са Сьветлагорску бачылі перш за ўсё ў справе абароны права жыхароў на грамадзкую дзейнасьць, у аказаньні ім юрыдычнае дапамогі. “Белых плямаў” на мапе рэгіёну быць не павінна.

Новай радзе даручана распрацаваць да 1 сакавіка статут і ўсе іншыя дакумэнты для рэгістрацыі Асамблеі як асацыяцыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Створаны будзе адмысловы інфармацыйны бюлетэнь для асьвятленьня дзейнасьці трэцяга сэктару.

Сваё меркаваньне адносна асацыяцыі грамадзкіх суполак выказвае Віктар Карнеенка:

“Ніхто сёньня не займаецца справаю абароны “трэцяга сэктару” ня толькі ад улады, але і ўвогуле ад не зусім зразумелае грамадзкае думкі, якую фармуе, напрыклад, беларуская тэлевізія. Ніхто не займаецца шырокім прадстаўніцтвам беларускага трэцяга сектару як арганізацыі, як структуры. Падаецца, гэта першае, што павінна рабіць як абласная, гэтак і нацыянальная Асамблеі”, — сказаў спадар Карнеенка.

Асамблея прыйшла да высновы, што ўсебаковы ўціск уладаў вымушае грамадзкія аб’яднаньні займацца палітыкаю. Таму грамадзкія суполкі рэгіёну ня будуць стаяць убаку пры вылучэньні й падтрымцы адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Казімер Яноўскі Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org