RFE/RL |
Пятніца, 24 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў судзе Ленiнскага раёну Берасьця пачаўся разгляд справы паводле пазову мясцовага жыхара Рыгора Варвашэвіча да Берасьцейскага аблвыканкаму. Ён патрабуе маральнае кампэнсацыі за незаконнае падвышэньне коштаў на гарачую ваду. Разгляд сёньняшняй справы выклікаў вялікую цікавасьць у грамадзкасьці, журналістаў і наглядальнікаў зь місіі АБСЭ на Беларусі – гэтую міжнародную структуру прадстаўляла вядомы адвакат Надзея Дударава. Некаторых людзей, якія жадалі прысутнічаць на паседжаньні, міліцыя ўвогуле не пусьціла ў будынак суду. Судовае паседжаньне 24 лістапада было непрацяглым. Рабочы заводу “Цьветатрон” Рыгор Варвашэвіч яшчэ раз нагадаў, што пазоў быў пададзены ў сувязі з тым, што яшчэ ў траўні Берасьцейскі аблвыканкам вырашыў больш чым у 8 разоў узьняць кошты на гарачую ваду, чым парушыў шматлікія заканадаўчыя і нарматыўныя акты. На працягу некалькіх месяцаў жыхары Берасьцейскай вобласьці вымушаныя былі аплочваць камунальныя паслугі па новых тарыфах, хаця Міністэрства эканомікі і беларускі ўрад заявілі пра незаконнасьць дзеяньняў берасьцейскіх уладаў. Толькі пасля таго, як сп. Варвашэвіч падаў першы пазоў у суд і пра гэтую гісторыю даведаліся ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, аблвыканкамам быў дадзены загад вярнуць людзям грошы. Але Рыгор Варвашэвіч лічыць, што справа не толькі ў тым, што іх вяртаюць не адразу, а цягам некалькіх месяцаў, што з улікам інфляцыі даволі істотна. Пазоў быў пададзены і дзеля атрыманьня маральнай кампэнсацыі. Сп.Варвашэвіч ацаніў яе ў 250 тысячаў рублёў, што на думку рабочага берасьцейскага заводу адпавядае месячнаму акладу старшыні аблвыканкаму Васіля Далгалёва – менавіта ягоны подпіс стаіць пад загадам аб павышэньні кошту на гарачую ваду. У сваю чаргу, у судзе сёньня была агучаная заява кіраўніка справамі Берасьцейскага аблвыканкаму Рыгора Козела. Ён прапануе адкласьці разгляд згаданай справы, бо ў судзе не былі прадстаўленыя дадатковыя доказы віны мясцовай вэртыкалі. У выніку судьдзя Сьвятлана Ільлюшына вырашыла перанесьці слуханьне на 14 сьнежня. Алег Супрунюк, Берасьце
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |