RFE/RL |
Пятніца, 24 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Лідэры аб’яднанай апазыцыі зацьвердзілі мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. Прозьвішчы першых патэнцыйных прэтэндэнтаў на гэтую пасаду будуць названыя ўжо 15 сьнежня. Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў пагадзілася з наступным мэханізмам вылучэньня адзінага кандыдата: на першым этапе, які мусіць скончыцца 15 сьнежня палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, рэгіянальныя кааліцыі павінны вылучыць сваіх патэнцыйных кандыдатаў, якія маглі б у наступным годзе скласьці рэальную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку. 15 сьнежня гэтыя кандыдатуры будуць вынесеныя на абмеркаваньне сяброў Каардынацыйнае рады. Прычым, патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты неабавязкова мусяць быць сябрамі тых ці іншых палітычных партыяў — галоўны крытэр, гэта прыхільнасьць да дэмакратычных прынцыпаў і прывабнасьць у вачох жыхароў краіны. (Больш дакладныя крытэры, якім мусіць адпавядаць адзіны дэмакратычны кандыдат, будуць зацьверджаныя сябрамі Каардынацыйнае рады пазьней). Як паведаміў нашаму радыё лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, пасьля разгляду вылучаных кандыдатураў на радзе, пачнецца этап грамадзкага абмеркаваньня асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты. На думку кіраўнікоў аб’яднанай апазыцыі, грамадзкае абмеркаваньне можа мець абсалютна розныя формы — сацыялягічныя апытаньні сярод выбаршчыкаў, адкрытыя дыскусіі ў мэдыях, магчыма правядзеньне папярэдніх выбараў-“праймэрыз” і гэтак далей. І толькі пасьля гэтага абмеркаваньня будзе прызначаная дата Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які павінен назваць прозьвішча адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Цяпер толькі вядома, што сярод патэнцыйных кандыдатаў будуць прозьвішчы Міхала Чыгіра й Сямёна Домаша. Паводле намесьніка старшыні Аб’яднанае грамадзянскае партыі Аляксандра Дабравольскага, неўзабаве мусяць пачацца кансультацыі прадстаўнікоў аб’яднанай апазыцыі з партыямі, арганізацыямі й прафсаюзамі, якія ў Каардынацыйную раду не ўваходзяць, з мэтаю стварыць больш шырокую перадвыбарчую кааліцыю. Праўда, на думку спадара Дабравольскага, саюзу з камуністамі Сяргея Калякіна й лібэрал-дэмакратамі Сяргея Гайдукевіча хутчэй за ўсё не адбудзецца. У іх і ў дэмакратаў вельмі ўжо розныя палітычныя прыярытэты. Лідэры аб’яднанай апазыцыі лічаць, што ў адзінага дэмакратычнага кандыдата ёсьць досыць вялікія шанцы перамагчы на выбарах. Гаворыць Аляксандар Дабравольскі: (Дабравольскі: ) “Калі гэта будзе сапраўды адзіны кандыдат, і мы правядзем добрую кампанію, то шанцы, я думаю, перавышаюць шанцы Лукашэнкі выйграць гэтыя выбары. Людзі ў нас чакаюць пераменаў, яны ўжо хочуць нешта зрабіць дзеля гэтага, толькі хочуць, каб была рэальная альтэрнатыва, каб быў чалваек, які адпавядаў бы іх уяўленьню аб справядлівай уладзе, таму што сёньняшнюю ўладу яны лічаць несправядлівай. І каб была каманда, якая падтрымлівае гэтага чалавека. Я думаю, нашая задача – стварыць для людзей гэтую альтэрнатыву. Гэта магчымасьць зьмяніць сваё жыцьцё да лепшага”. Лічыць спадар Дабравольскі. Прызначэньне даты Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які зацьвердзіць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты будзе залежыць ад таго, на які час будуць прызначаныя прэзыдэнцкія выбары. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |