RFE/RL |
Пятніца, 24 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
30 лістапада ў Менску пройдзе паседжаньне вышэйшае дзяржаўнае рады “саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі” з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, а 1 сьнежня ў беларускай сталіцы на саміт зьбяруцца прэзыдэнты краінаў СНД. На нечарговым паседжаньні вышэйшае дзяржаўнае рады гэтак званае “саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі” ніякіх пагадненьняў падпісана ня будзе. Пра гэта паведаміў памочнік Аляксандра Лукашэнкі Міхал Хвастоў. Рашэньні будуць прымацца ў выглядзе даручэньняў урадам. Будуць разгледжаныя пытаньні ўніфікацыі падатковае палітыкі, тарыфнага й нетарыфнага рэгуляваньня, правядзеньня выбараў у палату прадстаўнікоў “саюзнай дзяржавы”. Гэтыя выбары могуць адбыцца, паводле словаў Міхала Хвастова, ужо ў 2001 годзе, але “пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”. Апазыцыйны палітык Павал Знавец лічыць, што гэткі тэрмін выбараў у “саюзную” палату абраны Лукашэнкам невыпадкова, бо кіраўнік Беларусі сумняецца ў расейскай падтрымцы і хацеў бы падмацаваць яе новымі інтэграцыйнымі праектамі. Але й гэтага мала, — мяркуе Павал Знавец, — для посьпеху на выбарах 2001 году Лукашэнку патрэбныя і расейскія грошы. Пытаньне пра пераход на расейскі рубель як адзіную валюту, якое будзе разглядацца Пуціным і Лукашэнкам 30 лістапада, паводле словаў Міхала Хвастова, будзе зьвязанае з расейскімі крэдытамі гэтак званым “пакетным пагадненьнем”. Гаворыць Міхал Хвастоў: “Што датычыць працы ва ўвядзеньні адзінай грашовай адзінкі і фармаваньня адзінага эмісійнага цэнтру, дык падыход беларускага боку заключаецца ў тым, каб падпісаць чатыры пагадненьні ў адной увязцы, гэта так званае “пакетнае рашэньне” пытаньняў. Гэта значыць, што мы маем намер адначасова падпісаць міждзяржаўныя пагадненьні пра ўвод адзінай грашовай адзінкі і фармаваньні адзінага эмісійнага цэнтру саюзнае дзяржавы, пра захады ў стварэньні ўмоваў да ўводу грашовай адзінкі ды два крэдытныя пагадненьні — міждзяржаўнае пагадненьне ў крэдыце й міжбанкаўскі крэдыт”. Міхал Хвастоў паведаміў, што разыходжаньняў паміж расейскім і беларускім кіраўніцтвам тут няма, і што ўсё гэта будзе зафіксавана ў рашэньнях, якія падпішуць Пуцін і Лукашэнка 30 лістапада. Спадар Хвастоў сказаў, што яшчэ сёлета Беларусь атрымае ад Расеі 30 мільёнаў даляраў , на наступны год — яшчэ семдзясят, а агульная сума ільготнага крэдыту будзе складаць ад 200 да 260 мільёнаў даляраў. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |