RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 24 Лістапада 2000

Сёньня



Сёньня ў Гомлі на сустрэчы кіраўнікоў памежных ведамстваў Беларусі ды Ўкраіны Аляксандра Паўлоўскага і Барыса Аляксеенкі падпісаны пратакол сумесных дзеяньняў на пэрыяд закрыцьця Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Асобны дакумэнт, зьвязаны зь дзеяньнямі памежнікаў на пэрыяд закрыцьця Чарнобыльскай АЭС, прапанаваны быў украінскім бокам у дадатак да пытаньняў арганізацыі пунктаў спрошчанага пропуску для насельніцтва памежных раёнаў дзьвюх дзяржаваў. Дадатковы пратакол, як патлумачыў кіраўнік украінскага памежнага ведамства генэрал-палкоўнік Барыс Аляксеенка, выкліканы імкненьнем прэзыдэнта Леаніда Кучмы зачыніць атамную станцыю менавіта 15 сьнежня гэтага году.

(Аляксеенка: )“ Нам энэргетыка патрэбная, але мы зачыняем станцыю ў інтарэсах чалавецтва, Украіны, іншых дзяржаваў. Таму на пэрыяд стварэньня саркафагу, усіх іншых магчымых мерапрыемстваў, пра якія я не гатовы казаць, будзе ўзмоцненая ахова дзяржаўнае мяжы і сам аб’ект”.

Дадатковыя сілы, паводле словаў генэрала, ўжо разгорнутыя зараз. У сьнежні на атамную станцыю будзе зьяжджацца дадатковы тэхнічны пэрсанал, замежныя госьці, узрастуць транспартныя патокі. У тым ліку і праз беларуска-украінскую мяжу.

Таму вырашана вылучыць усіх, хто будзе мець дачыненьне да закрыцьця станцыі, у асобную групу, і забясьпечыць ёй спрошчаны парадак памежнага кантролю.

Ствараецца супольны штаб памежнікаў, які будзе ўзаемадзейнічаць зь кіраўніцтвам ЧАЭС. На сустрэчы абмеркавана таксама выкананьне пілётнага праекту памежнага кантролю, і кіраваньне эміграцыйнымі плынямі на Гомельска-Чарнігаўскім накірунку. Праект гэты падтрымліваецца міжнароднай арганізацыяй эміграцыі на Беларусі ды Ўкраіне. Бакі пагадзіліся, што аналягічны праект быў бы карысным і на Пінска-Луцкім накірунку сумеснай мяжы.

Барыс Аляксеенка абверг і чуткі адносна ўвядзеньня Ўкраінай візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў.
На ягоную думку, звычайныя пашпарты будуць зьяўляцца дакумэнтам і тады, калі, магчыма, Ўкраіна стане сяброўкай Паўночна-Атлянтычнага альянсу.

Казімір Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org