RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 24 Лістапада 2000

Сёньня



Днямі ў Пінску быў распаўсюджаны зварот прэзыдыюмаў гарадзкога і раённага саветаў дэпутатаў, у якім народныя абраньнікі заклікаюць людзей сабраць грошы на набыцьцё новых машынаў хуткай дапамогі. Іначай, гаворыцца ў звароце, ўзьнікае небясьпека таго, што хуткая дапамога ня зможа прыехаць у патрэбны час да пацярпелых.

Чаму пінчукі, якім, як і ўсім беларусам, паводле канстытуцыі гарантаваная бясплатная мэдычная дапамога, мусяць, акрамя падаткаў, аддаваць яшчэ грошы на набыцьцё машынаў?

Каб палячыцца ў Пінскіх шпіталях ужо даўно трэба прыносіць с сабой амаль усе неабходныя лекі, шпрыцы й бінты. І да гэтага жыхары гораду за апошнія гады неяк прызвычаіліся. Але выпадкаў, калі па выкліку не прыязджала хуткая дапамога, таму што там няма спраўнага аўтамабіля, у Пінску яшчэ не было.

Але калі браць пад увагу зьмест згаданага звароту гарадзкога ды раённага саветаў, атрымліываецца, што гэта – цалкам рэальна.

Як нам паведамілі ў бухгалтэрыі гарадзкога а дзьдзь елу аховы здароў’я, машыны мусяць набываць коштам гарадзкога бюджэту, аднак гэта не рабілі ўжо некалькі гадоў. Супрацоўнікі бухгалтэрыі адзьдзелу аховы здароў’я паведамілі наступнае:

(Супрацоўніца: ) “Дзеля таго, каб набыць новую машыну, у бюджэце зараз вельмі цяжкае становішча, бо мы залежым ад падаткаў, якія пералічваюць прадпрыемствы, а прадпрыемствы працуюць дрэнна, і таму значна менш паступае падаткаў, і ўрэшце, у нас няма грошай”.

Паводле афіцыйных дадзеных, за дзевяць месяцаў бягучага году ў Пінску прыбытковая частка бюджэту выкананая толькі на 62 адсоткі.

Варта зьвярнуць увагу на тое, што па грошы да жыхароў гораду зьвярнуўся менавіта гарадзкі савет, а не прадстаўнікі выканкаму, які паводле заканадаўства, пасьля зацьверджаньня мяйсцовым саветам павінен кантраляваць выдаткі ды прыбыткі гарадзкога бюджэту. У гарадзкой станцыі хуткай і неадкладнай дапамогі нам паведамілі, што каля 70 % машынаў ужо ад’ездзілі свой тэрмін, і іх неабходна неадкладна мяняць.

І ўсё ж- ткі, ці можа здарыцца так, што аднойчы Пінск застанецца бяз хуткай дапамогі?

Адказвае галоўны ўрач станцыі хуткай і неадкладнай мэдычнай дапамогі Васіль Неўдах:

(Неўдах: ) “Не, такога ня можа быць, бо машыны мы маем у любым выпадку, але сам парк вельмі стары. Таму мы хочам яго абнавіць".

Дарэчы, ўчора апоўдні адна з машынаў хуткай дапамогі згарэла. Афіцыйная прычына пажару пакуль невядомая, аднак вядома, што гэта ня быў наўмысны падпал.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org