RFE/RL |
Чацьвер, 23 Лістапада 2000 |
Сёньня |
“Для ізраільцаў гэта – справакаваныя палестынцамі гвалт і забурэньні; для палестынцаў, гэта – вызвольная барацьба супраць незаконнай акупацыі”. Так характарызуе сутнасьць цяперашняга палестынска-ізраільскага канфлікту газэта The International Herald Tribune… “Учора Эгіпет адклікаў свайго пасла ў Ізраіля, чым нанёс вялікі дыпляматычны ўдар па габрэйскай краіне,” – гаворыць пра міжнародную рэакцыю на падзеі ў рэгіёне Financial Times. У панядзелак, у адказ на тэрарыстычны напад на школьны аўтобус гэбрайскіх пасяленцаў, у выніку якога двое дарослых загінулі, і некалькі дзяцей былі параненымі, ізраільскія гэлікоптары атакавалі палестынскія аб’екты ў Сэктары Газа. “Калі мэта бамбаваньня была ў тым, каб спыніць палестынскія напады на ізраільцаў палестынскага рэгіёну, – піша The International Herald Tribune, – то гэта наўрад ці можна назваць посьпехам”. Праз гучнагаварыльнік, побач са збамбаваным офісам палестынскай групоўкі Фатах, дыктар заклікае палестынцаў працягваць узброенае паўстаньне, а 15-гадовы паранены ў нагу хлопец зь лякарні ў Сэктары Газа заяўляе: «Я не шкадую. Гэта – у імя маёй Радзімы, у імя Ерусаліму». «Гэтыя словы, – піша газэта, – падводзяць вынік пад той вялікай прорвай паміж ізраільцамі і палестынцамі пасьля сямі тыдняў гвалту, які забраў больш чым 250 жыцьцяў, 90% зь якіх – палестынцы». І ўсё ж, палестынцы разьлічваюць на посьпех. Яны спадзяюцца, што дастатковая колькасьць нападаў змусіць ізраільцаў пакінуць гэтыя тэрыторыі. У сваю чаргу, тысячы ізраільскіх вайскоўцаў разгорнутыя ў палестынскіх рэгіёнах Заходняга Берагу Ярдану і ў Сэктары Газа. Іхная задача – абараніць гэбрайскіх пасяленцаў, што жывуць на гэтых тэрыторыях і чые паселішчы сталіся цэнтрамі шматлікіх крывавых сутычак. На знак пратэсту супраць бамбаваньня ізраільскімі гэлікоптарамі палестынскіх аб'ектаў, Эгіпет адклікаў свайго пасла ў Ізраілі Мухамэда Басьюні. «Міністар замежных справаў Эгіпту Амр Муса, сярод іншых падставаў гэтага кроку, назваў і бязплённыя спробы эгіпэцкага пасярэдніцтва, у справе разьвязаньня сытуацыі мірным шляхам,» – паведамляе Financial Times. Гэты крок Эгіпту, канстатуе газэта, павялічыў ізаляцыю Ізраілю ў рэгіёне, калі згадаць, што ў апошнія тыдні Катар, Аман, Туніс і Марока парвалі ўсе стасункі ніжэйшага рангу з Ізраілем. Адзіная арабская дзяржава рэгіёну, якая мае мірную дамову з Ізраілем – Ярданія – не накіравала свайго новага пасла ў Тэль-Авіў і запатрабавала, каб ізраільскі пасол пакінуў ярданскую сталіцу. Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |