RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 23 Лістапада 2000

Сёньня



Сябры Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў сёньня пераважнай бальшынёю галасоў прыпынілі прадстаўніцтва ў радзе Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада”.

Прадстаўніцтва партыі Міколы Статкевіча ў Каардынацыйнай радзе з фармулёўкаю “ў зьвязку з грубымі парушэньнямі рашэньняў Кангрэсу дэмакратычных сілаў” было прыпынена яшчэ ў самым пачатку сёньняшняга паседжаньня.

Самога спадара Статкевіча пад час выключэньня “Народнае Грамады” на паседжаньні не было. Сацыял–Дэмакратычную партыю прадстаўляў намесьнік старшыні Ўладзімер Нісьцюк, які быў адзіным, хто галасаваў супраць прыпыненьня. Адразу ж пасьля галасаваньня ён пакінуў паседжаньне рады.

На думку Ўладзімера Нісьцюка, сёньняшняе рашэньне Каардынацыйнае рады неправамоцнае, бо зьмяняць склад Рады мае права толькі Кангрэс дэмакратычных сілаў. Ды і ўвогуле, паводле Нісьцюка, “Народная Грамада” рашэньняў Кангрэсу ніколі не парушала. Кіраўніцтва БСДП лічыць, што Кангрэс не прымаў абавязковага рашэньня, а толькі заклікаў дэмакратычныя партыі ня ўдзельнічаць у выбарах.

Неўзабаве ў кулюарах паседжаньня зьявіўся сам Мікола Статкевіч, які пракамэнтаваў рашэньне сяброў Каардынацыйнае рады наступным чынам:

(Статкевіч: ) “Я думаю, што, па-сутнасьці, гэта бальшавіцкія мэтады. Замет таго, каб шукаць адзіную пазыцыю шляхам дыялёгу, перакананьняў, пошуку кампрамісаў, нехта вельмі сьпяшаецца зрабіць хоць у вузкім коле адзіную пазыцыю адзінай апазыцыі. Я думаю, што гэта будзе мець доўгатэрміновыя нэгатыўныя наступствы. Я зьвязваю такія дзеяньні ў адносінах да нашай партыі са сваімі прапановамі аб вылучэньні адзінага кандыдата ад шырокай кааліцыі. А так дамагацца адзінства, такім шляхам – гэта проста прывядзе да таго, што, мабыць, ня будзе адзінага кандыдата”.

Паведаміў Мікола Статкевіч.

Лідэр Партыі працы Аляксандар Бухвостаў, які прыбыў на паседжаньне Каардынацыйнае рады разам са спадаром Статкевічам, таксама быў абураны такім рашэньнем. Паводле Бухвостава, КРДС ня мог прымаць такога рашэньня ў ягоную адсутнасьць.

Спадары Статкевіч і Бухвостаў заявілі пра сваю нязгоду з рашэньнем рады й пакінулі залю паседжаньняў. Іншыя ж сябры КРДС гавораць, што рашэньне ў прыпыненьні паўнамоцтваў “Народнае Грамады” правамоцнае, бо кворум на паседжаньні быў. Прадстаўнікі “Народнае Грамады” цяпер маюць намер стварыць шырокую левацэнтрысцкую кааліцыю разам з прафсаюзамі ды вылучаць свайго кандыдата ў прэзыдэнты.

А вось што паведаміў нашаму радыё пасьля прыпыненьня паўнамоцтваў “Народнае Грамады” лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Частка кіраўніцтва Беларукскай сацыял-дэмакратычнай партыі парушыла была рашэньні Кангрэсу дэмакратычных сілаў і ня толькі ўзяла ўдзел у выбарах як асобы, але і перад паўторнымі выбарамі, ужо на партыйным узроўні было прынятае рашэньне, што сябры партыі ўдзельнічаюць у гэтых выбарах. Гэта ёсьць прамое ламаньне рашэньняў Кангрэсу, і рабіць выгляд, што мы гэтага не заўважаем, далей проста не выпадала. Мы хочам інтэнсыўна і шмат працаваць, і тут трэба было выбіраць паміж фальшывай шырынёй і рэальнай эфэктыўнасьцю. Мы выбралі рэальную эфэктыўнасьць”.

Заявіў лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Рашэньне ў прыпыненьні паўнамоцтваў “Народнае Грамады”, на думку спадара Вячоркі, не азначае, што сацыял-дэмакраты навогул выпадаюць з аб’яданае дэмакратычнае кааліцыі. Каардынацыйная рада будзе й надалей супрацоўнічаць з фракцыяй “За адзінства”, некаторымі рэгіянальнымі й моладзевымі структурамі гэтае партыі. Вінцук Вячорка таксама лічыць, што ніякага расколу апазыцыі не адбылося й не адбудзецца. Каардынацыйная рада таксама зацьвердзіла мэханізм вылучэньня адзінага дэмакратычнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org