RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 23 Лістапада 2000

Сёньня



Як ніколі пустынна сёньня на рэчавых кірмашах Полаччыны. Тутэйшыя чаўнакі рашуча падтрымалі агульнакраёвы папяраджальны страйк.

Зрэшты казаць аб падтрымцы акцыі палачанамі ў дадзеным выпадку ня зусім правільна. Бо менавіта дробныя прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку ўтварылі восеньскую страйкавую хвалю. У лістападзе яны цягам дзесяці дзён не выходзілі на працу, пратэстуючы супраць увядзеньня новых мытных правілаў. І спынілі акцыю толькі таму, што іх не падтрымалі калегі зь іншых рэгіёнаў.

Наогул, тутэйшыя чаўнакі настроеныя вельмі рашуча. Пра што сьведчаць учорашныя сходы, на якіх гучалі патрабаваньні абвесьціць агульнакраёвы безтэрміновы страйк.

А з уладных структураў, сытуацыя на рэчавых кірмашах цікавіць толькі мясцовую вертыкаль. Надоечы з наваполацкімі чаўнакамі сустрэўся старшыня Наваполацкага выканаўчага камітэту Аляксандар Камароў. Галава гарадзкой вэртыкалі заклікаў чаўнакоў выйсьці на працу і паабяцаў ім, што да канца году пытаньні мытнага афармленьня тавараў будуць вырашаныя. Чаўнакі на працу ўрэшце рэшт выйшлі, але пры гэтым усе як адзін перакананыя, што прыканцы года іх усё адно прымусяць выплаціць славутую мытную пошліну і падатак на даданую вартасьць.

Адказваючы на пытаньне, ці будуць у такім выпадку чаўнакі страйкаваць, старшыня тутэйшага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валер Шаўчэнка заявіў, што пры падобным раскладзе гаворка будзе ісьці не пра страйк, а пра спыненьне прадпрымальніцкай дзейнасьці. І бальшыня дробных прадпрымальнікаў Полаччыны мусіць папоўніць шыхты беспрацоўных.

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org