RFE/RL |
Чацьвер, 23 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Былыя дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” першага скліканьня, якіх не пераабралі на другі тэрмін, разьлічвалі на тое, што Аляксандар Лукашэнка забясьпечыць іх добрымі пасадамі. Але Лукашэнка свае абяцаньні ня выканаў. Яшчэ чатыры гады таму, напярэдадні рэфэрэндуму, калі дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня агітавалі пісаць заявы пра пераход у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”, Аляксандар Лукашэнка і кіраўніцтва ягонай адміністрацыі публічна заяўлялі: “кожны, хто стане сябрам палаты, ня будзе пазбаўлены ўвагі ня толькі пад час працы ў парлямэнце, але й пазьней”. Але на самой справе спадзяваньні былых дэпутатаў ня спраўджваюцца. Пашэнціла толькі некаторым, як, напрыклад, Уладзімеру Грыгор’еву або Леаніду Рачкову, якія задоўга да завяршэньня парлямэнцкага тэрміну сталі амбасадарамі Беларусі адпаведна ў Расеі ды Іране. Або Юрыю Малумаву, які перабраўся ў Маскву, дзе працуе ў структурах “саюзнае дзяржавы”. Абсалютная ж бальшыня былых дэпутатаў, якія ня трапілі ў “Палату №2”, пакуль беспрацоўныя. І гэта дзіўна, хаця б таму, што сьпікер “1-е палаты” Анатоль Малафеяў на заключным паседжаньні з гонарам казаў, што за 4 гады ў “палаце” вырасла шмат дзяржаўных дзяячоў. А вось пасадаў ім не даюць… А калі яны нешта і атрымліваюць, дык далёка ня тое, на што спадзяваліся. Вось некалькі красамоўных прыкладаў. Мікола Лазавік у лістападзе 1996 году падпісаў патрабаваньне імпічмэнту Лукашэнку. Потым свой подпіс адклікаў. У “палаце” рабіў усё, каб пра той учынак забыліся. За 4 гады дарос да намесьніка старшыні камісіі. Сёньня спадара Лазавіка ўвялі ў склад Цэнтральнае выбарчае камісіі. Аднак ані пасаду старшыні камісіі, ані намесьніка яму не прапанавалі. Мяркуецца, што ён зьменіць сакратара выбарчае камісіі пэнсіянэра Івана Ліхача. Вядомай фігураю ў “палаце” першага скліканьня быў Пётра Жушма. Ён, бадай, адзіны з палатнікаў, хто час ад часу дазваляў сабе мякка крытыкаваць уладу. І таму заўсёды выстаўляўся перад міжнароднымі дэлегацыямі як прыклад апазыцыі ў парлямэнце. А што цяпер? Намесьнік старшыні камісіі міжнародных справаў уладкоўваецца на пасаду клерка сярэдняе рукі ў апараце Міністэрства замежных справаў. А больш за іншых пакуль зайздросьцяць былому шэфу Жушмы Аляксандру Козыру. Старшыня камісіі зьяжджае за мяжу — будзе працаваць часовым павераным у справах Беларусі ва Ўзбэкістане. Іншыя, а гэта больш за 50 чалавек, шукаюць новае месца. І пакуль без асаблівых пэрспэктываў. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |