RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 23 Лістапада 2000

Сёньня:



Сёньня прыватныя гандляры буйнейшых рэчавых рынкаў Гомельскага рэгіёну падтрымалі агульнанацыянальны страйк.

Звыш двух соцень гандляроў Рэчыцы пратэставалі сёньня супраць неапраўданага ўскладненьня прадпрыймальніцкае дзейнасьці, незаконных канфіскацыяў тавараў і чарговага падатковага ўціску. Вось як патлумачыла свой удзел у страйку прадпрыймальніца Тацяна Сава: “Проста ўжо накіпела ў душы. Хочацца працаваць спакойна, не адчуваць сябе злачынцам”, — сказала прадпрыймальніца. У Рагачове сёньня гандляры рэчавага кірмашу скарысталі страйк для правядзеньня сходу, на якім стварылі суполку Саюзу прадпрыймальнікаў. Узначаліў яе Ўладзімер Ціхінскі.

Ня выйшлі сёньня на працу і каля трох тысячаў прыватных гандляроў Гомелю. Нязвыкла пуста выглядаў рынак “Давыдаўскія рады” ў Савецкім раёне гораду. На Цэнтральным кірмашы, дзе прадаюцца прамысловыя вырабы, не было ніводнага страйкбрэхера. Гандлёвыя шэрагі спрэс пуставалі. Да страйку далучыліся і многія з тых, хто гандлюе харчовымі прадуктамі.

Напярэдадні дырэкцыя кірмашу, разам зь міліцыянтамі й падаткоўцамі запалохвала арганізатараў страйку — прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу прадпрыймальнікаў Тацяну Марчанку, Тамару Нічыпарэнку ды іншых — адносна немагчымасьці правядзеньня мітынгу. Відаць таму, каб розгалас пра страйк і мітынг не дайшоў да прэм’ера Ярмошына, які прыяжджаў сёньня ў Гомель, наведваў “доўгабуды”, аглядаў новыя вагоны, станцыю перапампоўваньня нафты, але са страйкоўцамі не сустрэўся.

Прадпрыймальнікі не мітынгавалі. Яны ахвотна дзяліліся сваімі праблемамі. Распавядае Віктар Чмыхаў:

“Рэзкі ўздым падатковае нагрузкі — кожны год, кожны месяц — ён ужо захлынае. Людзі ня могуць гандляваць. Я актыўную прадпрыймальніцкую дзейнасьць спыніў яшчэ ў мінулым годзе. Рызыкоўна ўкладаць свае грошы. У Расею людзі ад’яжджаюць, сыходзяць у цень, бо нельга заплаціцьтакія шалёныя падаткі. А тут запаланяюць усё віетнамцы. Як жа нацыяналізму ня быць? Скупляюць месцы, затым нам перапрадаюць. Плацяць ня толькі дзяржаве, але й кірмашу. Вось вам і карупцыя. Мы хочам падняць эканоміку, а нам не даюць. На каго ж нашыя дзеці, дзяржава абапірацца будзе? Няма на каго!”, — зазначыў прадпрыймальнік Чмыхаў.

Казімер Яноўскі, Гомель


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org