RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 22 Лістапада 2000

Сёньня



Міністэрства замежных справаў пракамэнтавала сёньня два міжнародныя скандалы з удзелам Беларусі — нібыта зробленую ў NATO заяву пра мажлівае фінансаваньне беларускае апазыцыі ды прадэманстраваны ў тэлеперадачы “Рэзананс” сюжэт пра сьвяткаваньні ў Турэцкай рэспубліцы паўночнага Кіпру, якую не вызнаюць у сьвеце самастойнай дзяржавай.

Дыпляматычнае ведамства Беларусі сабрала журналістаў не паводле традыцыі (у чацьвер), а сёньня, каб агучыць заяву Міністэрства замежных справаў з нагоды публікацыі ў маскоўскай газэце “КоммерсантЪ”.

Гэтае выданьне 21 лістапада надрукавала артыкул з назваю “Аляксандар Лукашэнка сыдзе дэмакратычным шляхам. NATO гатовая фінансаваць беларускую апазыцыю”. Газэта спасылалася на выступ афіцыйнага прадстаўніка NATO Джэмі Шэа перад сябрамі Кэмбрыджcкага саюзу Вялікае Брытаніі. Паводле публікацыі ў “КоммерсантЪ’е”, натаўскі прадстаўнік заявіў, што тактыка падтрымкі дэмакратаў на выбарах ва ўсіх посткамуністычных краінах ёсьць найбольш слушнай ды пасьпяховай:

“Я думаю, што наступнай краінаю, дзе NATO мусіць ужыць падобную тактыку, будзе Беларусь. Мы павінныя даць фінансавую падтрымку на выбарах дэмакратычнай апазыцыі рэжыму Лукашэнкі”, — гэтую цытату з выступу спадара Шэа спачатку падала газэта “КоммерсантЪ”, а сёньня паўтарыў прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка, які дадаў, што прадстаўніцтва Беларусі ў NATO атрымала абвержаньне гэтае цытаты ад самога Джэмі Шэа.

Намесьнік генэральнага сакратара NATO ў справах інфармацыі ды прэсы, дырэктар офісу прэсы ды інфармацыі Джэмі Шэа даслаў беларускаму амбасадару ў Брусэлі Ўладзімеру Лабунову адмысловы ліст, які сёньня зачытаў спадар Латушка.

“Дарагі амбасадар! У адказ на Вашае пытаньне я жадаю заявіць наступнае. Артыкул, што зьявіўся сёньня ў “КоммерсантЪ-daily“, які цытуе мае заўвагі што да Беларусі, ёсьць поўнай фабрыкацыяй. Гэтая гісторыя была прыдуманая. У ніводнай з маіх прамоваў або публічных выступаў, улучна з маім удзелам у студэнцкіх дэбатах у Кэмбрыджскім саюзе ў мінулы чацьвер, я не рабіў ніякіх спасылак на Беларусь ды не казаў пра якую-небудзь ролю NATO, зьвязаную з умяшаньнем ва ўнутраную палітыку іншых краінаў. Я быў бы ўдзячны, калі б Вы змаглі перадаць гэтае маё цьвёрдае ды катэгарычнае абвержаньне Вашым уладам, каб не было ніякага няслушнага разуменьня”, — напісаў Джэмі Шэа беларускаму амбасадару.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка на мою просьбу гэтак пракамэнтаваў скандал:

(Латушка: ) “Нам здаецца, што тэкст ліста намесьніка Генэральнага сакратара НАТО Джэмі Шэа гаворыць сам за сябе. Мы хацелі б дадаць, што разглядаем публікацыі, што зьявіліся ў некаторых сродках масавай інфармацыі ў згаданым пытаньні, як сапраўдную правакацыю. Няма патрэбы сварыць Рэспубліку Беларусь з адной з самых галоўных арганізацый у сьвеце, якой зьяўляецца арганізацыя Паўночна-атлянтычнага дагавору”.

Заявіў спадар Латушка.

Ягоны брыфінг неўзабаве пераўтварыўся ў паўнавартасную прэсавую канфэрэнцыю з удзелам новага намесьніка міністра замежных справаў Аляксандра Герасіменкі, колішняга менскага “мэра”, які адпрацаваў больш як 5 год амбасадарам у Баўгарыі ды Грэцыі. У сёньняшнім інтэрвію газэце “Звязда” спадар Герасіменка зазначыў, што лічыць “вельмі пэрспэктыўным умацаваньне сувязяў і з дружалюбнай да нас Грэцыяй”.

Аднак у мінулую нядзелю тэлепраграма “Рэзананс” вуснамі намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі прапагандавала Турэцкую Рэспубліку Паўночнага Кіпру, якую не прызнае ніводная краіна, апрача Турцыі. Ці не сапсуе сюжэт у “Рэзанансе” стасункі Беларусі з Грэцыяй, якая адмыслова пратэстуе супраць падзелу Кіпру? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Аляксандар Герасіменка.

(Герасіменка: ) “Зараз мне складана даваць неякі камэнтар да яго. Гэта права журналіста падаваць любую інфармацыю аб той ці іншай краіне. Я думаю, што гэтая інфармацыя ніяк не адаб’ецца на адносінах паміж Беларусьсю і Грэцыяй”.

(Сьвірко: ) “Вы сказалі, што гэта думка журналіста. Гэта намесьнік старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Ці супадае ягоная думка з думкай МЗС і афіцыйнага Менску?”

(Герасіменка: ) “Думаю, што не”.

Заявіў Аляксандар Герасіменка, намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, які да нядаўняга часу быў амбасадарам у Грэцыі.

Юры Сьвірко, Менск

P.S. Мы таксама зьвярнуліся сёньня ў дэпартамэнт інфармацыі НАТО з просьбай пракамэнтаваць публікацыю у газэце "Коммерсантъ". Чыноўнік, які не пажадаў назваць сваё імя, адказаў: (голас: ) "Гэты артыкул ёсьць абсалютнай выдумкай". У газэце "Коммерсантъ", куды мы патэлефанавалі, адмовіліся нейкім чынам камэнтаваць артыкул Кара-Мурзы, а таксама даць ягоныя каардынаты.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org