RFE/RL |
Серада, 22 Лістапада 2000 |
Сёньня |
“Беларуская эканоміка гібее” – гэтак называецца артыкул у сёньняшнім нумары газэты Neue Zurcher Zeitung. Артыкул мае падзагаловак: “Лукашэнка трымаецца за камандную сыстэму”. Беларускі кіраўнік Лукашэнка надалей адмаўляецца ад правядзеньня рэформаў, хоць эканоміка краіны, нягледзячы на нязначны рост, застаецца сур’ёзна хвораю. З дапамогаю танных крэдытаў падтрымваецца вытворчасьць, закрыцьцё збанкрутаваных дзяржаўных прадпрыемстваў адкладаецца. Тым часам Усясьветны Банк разважае над магчымасьцю аднаўленьня перамоваў аб крэдытах Менску ў сувязі з пасьпяховай уніфікацыяй абменных курсаў беларускага рубля. «Рынкавая эканоміка» для прэзыдэнта Лукашэнкі — лаянка №1. Калі нядаўна па ўсёй Эўропе пракацілася хваля пратэстаў супраць павышэньня цэнаў на паліва, гэты дзяржаўны кіраўнік злосна зазначыў: не Беларусь, а багатя і тлустая Эўропа сёньня ахопленая крызысам і атрымвае належнае за тое, што трымаецца рынкавай эканомікі. Тое, што выступаючы ўсяго празь некалькі дзён пасьля таго на вялікім зьезьдзе ў Менску ён тлумачыў неабходнасьць таго, што і Беларусі ва ўмовах глябалізацыі трэба абраць шлях рынкавай эканомікі, ніколькі яго не бянтэжыць. Бо ён цудоўна ведае, што за словамі не абавязкова мусяць ісьці адпаведныя справы. Ніякіх крэдытаў ад МВФ без рэформаў Адзін крок Беларусь усё ж была змушаная зрабіць. У сярэдзіне верасьня нарэшце была прынятая пастанова аб’яднаць розныя абменныя курсы беларускага рубля ў дачыненьні да даляра ЗША, розьніца паміж якімі часам дасягала 200%. Паралельна з гэтым былі зьнятыя некаторыя абмежаваньні на валютным рынку. Такім чынам была выкананая адна з галоўных умоваў МВФ і Ўсясьветнага Банку для працягу перамоваў аб новых крэдытах для Беларусі. Усясьветны Банк, паводле ягонага прадстаўніка ў Менску Куліка, цяпер яшчэ раз праверыць, ці абмежаваньні на доступ да рынку былі сапраўды поўнасьцю зьнятыя. У гэтым выпадку, кажа Кулік, нічога не стаяла б на перашкодзе фінансавай дапамогі Беларусі, аднак з прычыны нязьмененай эканамочнай палітыкі беларускага ўраду яна была б абмежаваная падтрымкай сацыяльнага сэктару, аховы здароўя і навакольнага асяродзьдзя. Што да МВФ, дык ён, нягледзячы на цяпер ўжо адзіны абменны курс даляра, надалей трымае дыстанцыю. Прымаючы пад увагу працяг жорсткага кантролю над цэнамі, занадта экспансіўную грашова-падаткавую палітыку, дзяржаўнае ўмяшаньне ў эканоміку і ўціск прыватных прадпрымальнікаў, МВФ чакае структурных рэформаў перш чым можна было б пачаць перамовы аб крэдытах. Беларусь не зрабіла ў гэтым напрамку ніякага прагрэсу, лічыць МВФ. Замест гэтага Лукашэнка даў зразумець, што для яго кардынальныя рэформы застаюцца табу. Ён забараніў прыватызацыю вялікіх і патэнцыяльна прыбытковых прадпрыемстваў і лічыць гэта слушным рашэньнем. Прэзыдэнт абвясьціў сябе апошняй інстанцыяй у справе вырашэньня пытаньняў аб продажы прадпрыемстваў. Вырабляць любым коштам Вынікам Лукашэнкавай каманднай эканомікі сталася тое, што прадпрыемствы, бальшыня якіх належыць дзяржаве, працуюць збольшага са стратамі. Паводле Ўсясьветнага Банку, толькі 30% зь іх прыносяць прыбытак. Аднак служба статыстыкі паведаміла, што за першыя восем месяцаў сёлета сукупны ўнутраны прадукт (СУП) вырас у параўнаньні з тым самым пэрыядам летась на 4%. У гэтым росьце няма сумневу, кажа Кулік, але гэтая лічба ўваччу зьмяншаецца, так што ў прагнозах на наступны год ня выключаныя нэгатыўныя паказьнікі. У аснове прыросту СУП ляжыць уздым на 8% прамысловай прадукцыі, прычым найбольшую долю ў гэтым прыросьце складаюце прадукцыя машынабудаваньня, мэталюргіі, лёгкай і харчовай прамысловасьці. Статыстыка аднак так і не дае адказу на пытаньне, колькі тавараў рэальна купляецца. Палітыка ўраду скіраваная ў першую чаргу на тое, каб шляхам ільготных крэдытаў затрымаць заняпад прамысловае вытворчасьці і закрыцьцё збанкрутаваных прадпрыемстваў. Аглядальнікі сыходзяць з таго, што большая частка вырабленае прадукцыі з прычыны нястачы попыту грувасьціцца на складах і нікім не купляецца. Праўда, паводле зьвестак Куліка, Беларусь знайшла пэўную нішу на рынкку СНД. Там яна прадае надзвычай танныя, у параўнаньні з заходнімі, тавары, якія хоць і не задавальняюць патрабаваньняў заходніх стандартаў якасьці, аднак цалкам адпавядаюць стану эканамічных дачыненьняў бальшыні насельніцтва СНД. Апрача трактароў — традыцыйнага беларускага тавару — тут ідзецца пра чорна-белыя тэлевізары, у вырабе якіх Беларусь займае адно зь першых месцаў у сьвеце. Як мяркуюць спэцыялісты Ўсясьветнага Банку, з прычыны льготнага крэдытаваньня неэфэктыўнае эканомікі пасьля леташняй 250%-най інфляцыі узровень павышэньня цэнаў сёлета можа скласьці 180%. Заўважнае, але ніяк не дастатковае зьніжэньне лічбы — вынік адносна больш рэстрыкцыйнага курсу Нацыянальнага Банку. Дый сам Лукашэнка заявіў, што ў 2001 годзе грашовая друкарка больш не павінна ўжывацца для падтрымкі сельскай гаспадаркі. Застаецца пытаньне, як можна стрымаць абвал сельскай гаспадаркі, у якой пануе перанятая ад савецкіх часоў калгасная сыстэма, калі Менск і надалей супрацьстаіць яе і так ужо запозьненай рэструктурызацыі. Працяглае зьніжэньне сельскагаспадарчай вытворчасьці ў першай палове сёлетняга году склала 7%. Зь бяды ратуе Масква Галоўнае апірышча беларускае эканомікі — Расея. Беларусь, якая мусіць імпартаваць каля 85% сваіх энэргарэсурсаў, большую частку іх атрымвае ў форме прыроднага газу з Расеі па коштах ніжэйшых за сусьветныя. З прычыны росту беларускай запазычанасьці, Расея прымае частку аплаты ў выглядзе бартэру, найбольш харчовымі прадуктамі і трактарамі. У першай палове сёлетняга году ўдзел Расеі ў замежным гандлі Беларусі склаў 57%, яна для гэтай краіны — галоўны гандлёвы партнэр. Усяго за гэты пэрыяд аб’ём замежнага гандлю ўзрос амаль на 30% у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем летась, а дэфіцыт гандлёвага балянсу Беларусі дасягнуў 630 мільёнаў даляраў. Нягледзячы на эканамічны заняпад, Менск надалей трымаецца за камандную сыстэму ў эканоміцы. Ад траўня ў краіне адбываецца перарэгістрацыя малых і сярэдніх прыватных прадпрыемстваў. Пасьля таго, як першая хваля гэтай кампаніі ў 1999 годзе, паводле ацэнкі заходніх экспэртаў, каштавала існаваньня 30% гэткіх прадпрыемстваў, цяпер варта чакаць далейшага заняпаду і без таго слабога прыватнага бізнэсу. Пры гэтым адкрытая варожасьць рэжыму да інвэстараў спалучаецца зь ня менш адкрытымі пошукамі новых фінансавых крыніцаў. Ізаляваная ад Захаду, Беларусь практычна застаецца цалкам аддадзеная на ласку Расеі. Нядаўна расейскі Нацыянальны Банк абвясьціў пра выдзяленьне крэдыту на стабілізацыю беларускага рубля ў працэсе падрыхтоўкі да аб’яднаньня валютаў, які мусіць пачацца ў 2005 годзе. Тым часам застаецца няясна, ці пасунецца справа беларуска-расейскай інтэграцыі далей за фазу плянаваньня, пакуль Беларусь будзе выступаць як неразважлівы просьбіт і пакуль ня будзе вылечаная яе сьмяротна хворая эканоміка. Пераклаў Сяргей Шупа, Вільня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |