RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 22 Лістапада 2000

Сёньня



Кіраўніцтва Беларускага Гэльсынскага Камітэту накіравала сёньня пазоў у Вярхоўны суд Беларусі з просьбай ануляваць рашэньні акруговае ды Цэнтральнае выбарчых камісіяў у справе прызнаньня вынікаў выбараў па маладэчанскай гарадзкой акрузе №86. Неўзабаве БГК накіруе падобныя пазовы і адносна іншых акругаў, дзе былі зафіксаваныя масавыя парушэньні выбарчага заканадаўства.

Прычынаю звароту прадстаўнікоў Гэльсынскага камітэту ў Вярхоўны суд стала нядаўняя адмова пракуратуры Менскае вобласьці ўзбудзіць крымінальную справу паводле фактаў парушэньняў закону ў Маладэчне. Паводле інфармацыі назіральнікаў БГК, толькі каля 47 адсоткаў маладэчанскіх выбаршчыкаў бралі ўдзел у галасаваньні, паводле ж акруговае камісіі — больш як 50 адсоткаў.

Такім чынам, праваабаронцы лічаць, што пракурор сталічнае вобласьці спадар Сіраш адмоваю ва ўзбуджэньні справы наўмысна абараняе парушальнікаў закону, а абраны ад Маладэчна Станіслаў Гаварушкін ня мае ніякага права звацца дэпутатам гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”. Гаворыць выканаўчы дырэктар Беларускага Гэльсынскага Камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Рознымі шляхамі мы спрабуем дамагчыся, каб сытуацыя з выбарамі, сутуацыя у выбарчых камісіях пры падліку вынікаў стала прадметам судовага разгляду, бо пракуратура закрывае вочы на ўсе праблемы, якія ёсьць, на ўсе спрэчныя пытаньні, на ўсе адкрытыя парушэньні закону і нічога ў гэтым накірунку рабіць ня хоча”.

Лічыць спадар Гулак.

Выканаўчы дырэктар БГК паведаміў, што прадстаўнікі пракуратуры Менскае вобласьці нават не азнаёмілі праваабаронцаў з вынікамі сваёй праверкі, чым таксама парушылі закон.

Афіцыйных адказаў з пракуратураў іншых раёнаў, дзе былі заўважаныя парушэньні выбарчага закону (гэта шэраг менскіх акругаў, а таксама гарады Магілеў, Бабруйск і Салігорск) у Гэльсынскі камітэт пакуль не прыходзіла, там яшчэ ідуць праверкі.

Праўда, ня ўсюды. Так, паводле Алега Гулака, яму стала вядома, што пракурор Маскоўскага раёну Менску Віктар Жынгель загадаў сваім падначаленым не праводзіць спраўджваньне ў выбарчай акрузе №100. Замест гэтага ён папрасіў сяброў акруговае камісіі паведаміць прадстаўнікам Гэльсынскага камітэту, што ніякіх парушэньняў закону нібыта ня знойдзена.

Алег Гулак працягвае:

(Гулак: ) “У дадзеным выпадку, нам ня столькі цікава, якое рашэньне прыме суд, бо па тых рашэньнях, якія суд прымаў, цяжка спадзявацца на тое, што ён будзе справядлівы. Галоўнае, каб гэтыя пытаньні проста сталі прадметам судовага разьбіральніцтва – адкрытага, галоснага”.

Гэта быў выканаўчы дырэктар БГК Алег Гулак.

Ён таксама лічыць, што цяпер важны сам прэцэдэнт судовага разьбіральніцтва ў справе фальшаваньня вынікаў выбараў — дзеля таго, каб мець магчымасьць абскарджваць падобныя дзеяньні акруговых камісіяў у часе будучае прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org