RFE/RL |
Серада, 22 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Старшыня “Палаты прадстаўнікоў” другога скліканьня Вадзім Папоў зьяўляецца яшчэ адным ураджэнцам Расеі, які заняў адну з найвышэйшых дзяржаўных пасадаў у Беларусі. Ён, як і прэм’ер Уладзімер Ярмошын, ня зможа прэтэндаваць у 2001 годзе на пасаду прэзыдэнта Беларусі, бо ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, прэзыдэнтам можа стаць толькі грамадзянін Беларусі паводле нараджэньня. Аднак Вадзім Папоў у інтэрвію нашаму радыё заявіў, што й ня мае ніякіх амбіцыяў на гэты конт. Наш карэспандэнт Валер Каліноўскі правёў інтэрв’ю з новаабраным старшынём “Палаты прадстаўнікоў” Вадзімам Паповым… (Каліноўскі: ) “Ці будзеце Вы весьці сэсіі на беларускай мове, як некаторыя Вашыя папярэднікі?” (Папоў: ) “Калі будзе такое рашэньне дэпутатаў, то так і будзе”. (Каліноўскі: ) “Вы таксама расеец, як і прэм’ер-міністар Ярмошын. Таксама шмат міністраў расейцы. Як Вы лічыце, ці ёсьць тут момант не зусім карэктны ў дачыненьні да беларускае нацыі?” (Папоў: ) “Вы задаяце няпростае пытаньне, і так прамалінейна на яго адказаць нельга. Але практыка іншых дзяржаваў паказвае, што дзе пачынаецца падыход паводле нацыянальнае прыкметы, там узьнікае напружанасьць. У нас жывуць прадстаўнікі больш як 80 розных нацыянальнасьцяў, і калі яны зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, дык маюць абсалютна роўныя правы быць у кіраўніцтве, на любой пасадзе ў адпаведнасьці са сваёй прафэсійнай падрыхтоўкаю, узроўнем ведаў і астатняга”. (Каліноўскі: ) “Вы сказалі, што, незалежна ад нацыянальнасьці, кожны мае права займаць любыя пасады. Вы нарадзіліся ў Смаленскай вобласьці і ня можаце быць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Ці Вам не здаецца, што Лукашэнка падтрымаў Вашую кандыдатуру менавіта таму, што Вы ня можаце быць яму канкурэнтам?” (Папоў: ) “Нават і думак падобных не было, тым больш, што й з-за веку, і паводле перакананьняў гэта не мая пасада — быць прэзыдэнтам Рэспублікі. Кожны чалавек мусіць бачыць крайнюю мяжу свайго росту, ведаць, на што здольны. Таму падтрымка Аляксандра Лукашэнкі ніколькі не зьвязана з гэтай справаю. У нас дастаткова ў Беларусі і беларусаў, і народжаных на гэтай зямлі”. (Каліноўскі: ) “Як Вы мяркуеце, ці будзе мець новы склад “Палаты прадстаўнікоў” большы ўплыў, чым папярэдні?” (Папоў: ) “Трэба разумець, што права заўсёды нясе з сабою адказнасьць і дадатковыя аб’ёмы працы. Нам спачатку трэба разабрацца з тым, што маем, і ці здольныя мы ўзяць увесь той пакет прапановаў, якія зрабіў Лукашэнка. І калі дэпутаты выкажуцца “за”, дык гэта сапраўды значна пашырыць удзел парлямэнту ў эканамічнай, у фінансавай сфэры — ва ўсім жыцьці дзяржавы. А калі выказваць свой пункт гледжаньня, дык лічу, што дэпутаты падтрымаюць гэтыя прапановы, і мы возьмем на сябе функцыі кантролю за бюджэтам нашае дзяржавы, некаторыя кадравыя пытаньні”. (Каліноўскі: ) “Ці можна сказаць, што Вы — чалавек Лукашэнкі на гэтай пасадзе?” (Папоў: ) “Мне гэтае пытаньне задаюць на працягу трыццаці гадоў — чый я чалавек?.. Я ж працую заўсёды дзеля народа і дабра нашае дзяржавы. У гэтым ніколі не памылісься. Калі робіш справу дзеля інтарэсаў людзей, дык можаш належаць да любое каманды, якая гэтыя погляды падзяляе”. Інтэрвію правёў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |