RFE/RL |
Аўторак, 21 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
У свой час арышт дырэктаркі Менскага цырку Тацяны Бандарчук улады падавалі як чарговую гучную справу ў барацьбе з карупцыяй. Але празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Тацяну Бандарчук вызвалілі пад падпіску пра нявыезд. А яшчэ пазьней ейная крымінальная справа была закрытая ў сувязі зь недаказанасьцю віны. Днямі былую дырэктарку запрасілі ў Савет міністраў, параілі вярнуцца на працу ды паабяцалі падтрымку. Паводле некаторых падлікаў, Менскі цырк дае дзяржаве каля 60 тысячаў даляраў прыбытку штомесяц. Ніводная іншая ўстанова культуры гэтым пахваліцца ня можа. Менавіта з гэтым фактам многія зьвязваюць даволі таямнічы эпізод арышту сёлета ў красавіку дырэктаркі цырку Тацяны Бандарчук, якую абвінавацілі ў атрыманьні хабару. Аднак тады ж, паўгады таму, у друку зьявіліся й зьвесткі пра высокіх заступнікаў былое дырэктаркі. Згадваліся, у прыватнасьці, яе сваяцкія сувязі зь віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Замяталіным. Празь некаторы час Тацяна Бандарчук выйшла на волю пад падпіску пра нявыезд, але некалькі месяцаў заставалася бяз працы. І вось стала вядома, што яна зноў села ў дырэктарскае крэсла. Цікавая акалічнасьць. Пад час арышту і знаходжаньня за кратамі ейны статус дырэктаркі й мастацкага кіраўніка ня быў прыпынены. Як нам стала вядома з дасьведчаных крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва цырку, Тацяна Бандарчук вярнулася ў цырк з адмысловай папераю, падпісанай адным з кіраўнікоў краіны, у якой прадпісана ўсім службовым асобам падтрымліваць Бандарчук у ейных намаганьнях. Тады ж пайшлі чуткі пра магчымую хуткую прыватызацыю цырку. Нібыта праз Бандарчук і падстаўных асобаў некаторыя высокія чыноўнікі намагаюцца стаць уладальнікамі цырку. Але Тацяна Бандарчук абвергла інфармацыю пра магчымую прыватызацыю: (Бандарчук: ) “Магчыма, ішла размова пра тое, што мы маем права на гаспадарчы разьлік, таму што мы — папулярныя, маем шмат гледачоў, ладзім праграмы ўсясьветных цыркаў. І жадаем адмовіцца ад дзяржаўных датацыяў. Прыватызацыя цырку… Гэта глупства. Гэта дзяржаўная ўстанова, гістарычны помнік. Размова йдзе толькі пра пераход на гаспадарчы разьлік, каб людзі атрымлівалі нармальныя заробкі. Я была пад сьледзтвам, была пад падпіскаю пра нявыезд, потым мая справа была закрытая ў сувязі зь недаказанасьцю віны. Мяне выклікалі ў Савет міністраў і сказалі — вяртайцеся, будзем Вам дапамагаць, дадзім дасьведчаных намесьнікаў, і гэтак далей”, — паведаміла Тацяна Бандарчук. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |