RFE/RL |
Аўторак, 21 Лістапада 2000 |
Сёньня |
У нядзелю ў Чэхіі адбыўся другі тур выбараў траціны Сэнату. Вынікі выбараў засьведчылі: Сэнат выразна паправеў. У верхнюю палату чэскага парлямэнту прайшло 26 сэнатараў правай арыентацыі і толькі адзіны прадстаўнік левых сілаў. У верхняй палаце чэскага парлямэнту – 81 сэнатар. Сэнатары абіраюцца на 6 гадоў, але не адначасова: кожныя два гады адбываюцца перавыбары траціны Сэнату паводле мажарытарнай сыстэмы. Лічбы ўдзелу ў выбарах пацьвердзілі чаканьні: калі ў першым туры 12 лістапада галасавала каля 34-ох % выбаршчыкаў, то ўчора, у часе другога туру – амаль 22%. Назіральнікі тлумачаць такі нізкі інтэрас да Сэнату ягонай недастатковай роляй у дзяржаве і выразным знакам неабходнасьці зьменаў. Посьпех правыя сілы атрымалі пераважна за кошт так званай “Кааліцыі чатырох” – гэтая кааліцыя партыяў правай арыентацыі складаецца з Саюзу свабоды, Хрысьціянскіх дэмакратаў, Грамадзянскага дэмакратычнага альянсу і Дэмакратычнага саюзу. Яны атрымалі ў гэтым туры 16 мандатаў. Адноснага посьпеху дасягнула і Грамадзянская дэмакратычная партыя Вацлава Клаўса, перамогшы ў 8-мі акругах. У той жа час унушальную паразу атрымалі левыя: кіроўная сацыял-дэмакратычная партыя Мілаша Зэмана выйграла ў гэтым туры толькі адзін мандат, а камуністы наогул ніводнага. У выніку выбараў выразна мяняецца растаноўка сілаў у Сэнаце: партыі Клаўса і Зэмана ня будуць ужо мець разам ня толькі канстытуцыйнай большасьці (г.зн. трох пятых галасоў), але нават і простай: 50% плюс адзін голас. Большасьць цяпер у “Кааліцыі чатырох”, якая такім чынам прэтэндуе на крэсла старшыні Сэнату – дагэтуль яно належала партыі Клаўса. Сацыял-дэмакратыі Зэмана і лібэралы Клаўса страцілі цяпер надзею на зьмены ў заканадаўстве, якія б дазволілі яшчэ больш абмежаваць уладу прэзыдэнта. Ранейшая большасьць давала ім магчымасьць правесьці такія зьмены праз Сэнат. Сэнацкія выбары адкрываюць цэлы выбарчы маратон, пасьля завершаньня якога – праз два з паловай гады – Чэхія можа мець цалкам зьмененую палітычную сцэну. Многіх вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў зьменяць іншыя людзі. На пасадзе прэзыдэнта, паводле Канстытуцыі, ужо ня зможа заставацца Вацлаў Гавэл. Праўдападобна, прыйдзе і новы прэм’ер: Мілаш Зэман увесь час цьвердзіць пра намер адыйсьці ад вялікай палітыкі. Будзе існаваць і новая палітычная рэпрэзэнтацыя: прадстаўнікі ад рэгіёнаў, чый уплыў на фармаваньне палітыкі будзе нашмат большы, чым цяперашніх мэраў і старастаў. Шлях да гэтых зьменаў быў пакладзены ўчорашнімі сэнацкімі выбарамі ў Чэхіі. Алена Радкевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |