RFE/RL |
Аўторак, 21 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Чарговы крок у наступе на свабоду слова ў Беларусі. Cёньня гарадзенская газэта “Пагоня” атрымала ўжо чацьвертае за апошнія чатыры месяцы папярэджаньне ад Дзяржаўнага камітэту па друку. Папярэджаньне вынесенае Дзяржкамдрукам паводле вядомага артыкула №5 Закона аб друку. У адпаведнасьці з гэтым артыкулам газэта, якая мае больш за два падобныя папярэджаньні, можа быць закрытая. Падставай для чарговага папярэджаньня, як тлумачыць намесьнік старшыні Дзяржкамдруку спадар Глушакоў, стала публікацыя ў “Пагоні” ад 26 кастрычніка бягучага году заявы Каардынацыйнага камітэту “Гарадзенская ініцыятыва”, арганізацыі, якая не зарэгістраваная ў гарадзенскім аблвыканкаме. “Гарадзенская ініцыятыва” аб’ядноўвае ўсе апазыцыйныя сёньняшняй уладзе арганізацыі Гарадзеншчыны і, відаць, таму асьвятленьне яе дзейнасьці абсалютна непатрэбнае ўладам Галоўны рэдактар “Пагоні” Мікола Маркевіч тлумачыць пастанову Дзяржкамдруку чарговай спробай наступіць на горла апазыцыйнай прэсе напярэдадні будучых прэзыдэнцкіх выбараў. (Маркевіч: ) “Я лічу, што гэта падрыхтоўка рэжыму да маючых адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкіх выбараў. Я думаю, што “Пагоню” гэтыя спадары Глушаковы выбралі ў якасьці ахвяры, але мы хочам папярэдзіць, што за 8 гадоў нашага існаваньня “Пагоня” навучылася змагацца. Спадары Глушаковы проста абламаюць зубы”. Нагадаю, што гэта ўжо чацьвертае за апошнія чатыры месяцы папярэджаньне, вынесенае “Пагоні” Дзяржкамдрукам. Гэта больш, чым маюць ўсе астатнія беларускія незалежныя газэты. Павал Мажэйка, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |