RFE/RL |
Аўторак, 21 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Краіны-сябры Эўрапейскага Зьвязу заявілі пра выдзяленьне на аснове нацыянальных войскаў 60 тысячаў жаўнераў для стварэньня новай сыстэмы эўрапейскіх ваенных сілаў. Гэтыя сілы мусяць быць цалкам сфармаваныя да 2003 году, каб быць здатнымі рэагаваць на крызісы ў рэгіёне ў выпадку, калі НАТО пастановіць ня ўдзельнічаць ва ўрэгуляваньні канфліктаў. Злучаныя Штаты Амэрыкі вітаюць ініцыятыву Эўразьвязу, але падкрэсьліваюць важнасьць НАТО для эўрапейскай бясьпекі… “Эўрапейскі Зьвяз сёньня зрабіў першы важны крок у кірунку да ўласнай ваеннай моцы,” - піша аглядальнік газэты New York Times Майкл Гордан, камэнтаруючы пастанову міністэрстваў абароны краінаў Эўразьвязу выдзеліць жаўнераў і абсталяваньне для стварэньня шматтысячнага войска да 2003 году. Гэтая ініцыятыва, абвешчаная год таму, найбольш значная ў пытаньнях бясьпекі з боку Эўрапейскага Зьвязу ад часу заканчэньня халоднай вайны, - піша Майкл Гордан. І яна дае магчымасьць эўрапейскім краінам вырашаць крызісы без Злучаных Штатаў Амэрыкі. Прыхільнікі аб’яднаных эўрапейскіх вайсковых сілаў сьцьвярджаюць, што стварэньне вайсковых сілаў Эўропы дапаможа эўрапейцам палягчаць бярэмя ваенных апэрацыяў на кантынэнце і па-за межамі. Менавіта гэтага доўгі час патрабавалі амэрыканскія палітыкі. “Эўрапейскі зьвяз пастанавіў адыгрываць паўнацэнную ролю ў канфліктах” – цытуе New York Times кіраўніка замежнай палітыкі Эўразьвязу Хаўера Саляну. Але – адзначае газэта – плян таксама ўздымае і некаторыя пытаньні. Ці насамрэч краіны Эўропы адпаведна падрыхтаваныя выдаткаваць мільярды даляраў, каб рэалізаваць ідэю лепшай абароннай сыстэмы? Ці эўрапейцы створаць групоўку, якая зможа дапоўніць, а не абмяжуе ролю НАТО – кіраванага Злучанымі Штатамі альянсу, які, паводле Вашынгтону, павінен дамінаваць у пытаньні эўрапейскай бясьпекі. Усё згаданае ёсьць тэстам як для наступнай адміністрацыі ў Вашынгтоне так і для лідарства НАТО. Мэтай эўрапейскай ініцыятывы – піша Майкл Гордан у газэце New York Times – стварэньне групоўкі колькасьцю каля 60-ці тысячаў жаўнераў, якую можна было б выкарыстоўваць, каб разьдзяліць варагоўныя бакі, для большай бясьпекі міратворчых апэрацыяў і іншых місіяў пад час крызісу. Паводле плянаў, эўрапейскія аб’яднаныя сілы могуць быць пасланыя ў раёны канфлікту цягам 60-ці дзён і магчымы час дыслякацыі – ня менш за год. Прадстаўнікі эўрапейскіх структураў гавораць, што гэта разумна разьвіваць агульнаэўрапейскія сілы, бо тады ўрады краінаў Эўропы могуць супрацьстаяць канфліктам на Балканах і ў іншых гарачых кропках, дзе ў разьвязаньне крызісаў далучаныя Злучаныя Штаты Амэрыкі. З двума мільёнамі жаўнераў у краінах Эўразьвязу пытаньне большай сілы – не праблема. Эўрапейскія краіны паабяцалі арганізаваць 100 тысячнае войска. Прычым мабілізаванымі дастаткова мець 60 тысячаў і мець сілы ў рэзэрве. Пастаноўлена выдзеліць 400 самалётаў і 100 караблёў – як для ваеннай акцыі, гэтак і для транспарту войска. Вольга Караткевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |