RFE/RL |
Аўторак, 21 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Сьпікерам гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” другога скліканьня стаў Вадзім Папоў. Уладзімер Канаплёў, якога бальшыня бачыла на месцы кіраўніка “Палаты прадстаўнікоў”, нечакана зьняў сваю кандыдатуру, заявіўшы, што ён гэта робіць як сябра каманды Лукашэнкі. Выбары сьпікера “Палаты прадстаўнікоў” яшчэ раз засьведчылі несамастойнасьць гэтага воргану. Бальшыня дэпутатаў бачыла на пасадзе сьпікера Ўладзімера Канаплёва — за яго было адмыслова сабрана 66 дэпутацкіх подпісаў. Але дэпутаты вымушыя былі апэляваць да Аляксандра Лукашэнкі, які спачатку на канфідэнцыйнай сустрэчы з дэпутатамі ў мінулую пятніцу падтрымаў міністра сельскае гаспадаркі Вадзіма Папова, а сёньня наўпрост заклікаў галасаваць менавіта за яго. Працэдура вылучэньня кандыдатаў пацьвердзіла, што парлямэнт будзе падзелены менавіта паводле рэгіянальнай прыкметы: падымаліся прадстаўнікі ад абласьцей і як адзін вылучалі ды агітавалі за Вадзіма Папова. Дэпутат Васіль Хрол сярод станоўчых якасьцяў Папова назваў яго “паважаны век”. Акрамя таго, варта зазначыць, што Вадзім Папоў нарадзіўся ў Смаленскай вобласьці і таму, паводле Канстытуцыі, ня можа прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта краіны. Ігар Катляроў ад свайго імя прапанаваў канкурэнта Папову — Уладзімера Канаплёва, былога віцэ-сьпікера “Палаты прадстаўнікоў” і сябра Лукашэнкі. А Мікола Дуніч наўпрост зьвярнуўся менавіта да Аляксандра Лукашэнкі: (Дуніч: ) “Аляксандар Рыгоравіч, ці мэтазгодна з агульнадзяржаўнага пункту гледжаньня, калі за апошні час памянялася некалькі кіраўнікоў важнейшага міністэрства — сельскае гаспадаркі й харчаваньня, вылучаць Вадзіма Папова на гэтую пасаду. Ці не пагоршыць гэта й так няпростую сытуацыю ў сельскай гаспадарцы?” Аляксандар Лукашэнка адказаў, што любы міністар палічыць за гонар стаць сьпікерам “Палаты прадстаўнікоў”, а адносна кандыдатуры Канаплёва падкрэсьліў, што ягоная бяда ў тым, што ён сябра “прэзыдэнцкае каманды”. Гэтак жа патлумачыў свой самаадвод і сам Уладзімер Канаплёў, падкрэсьліўшы пры гэтым, што за яго падпісалася больш як шэсьцьдзясят дэпутатаў: (Канаплёў: ) “Я ніколі нічога не рабіў адзін, а заўсёды працаваў у камандзе. Я маю пэўныя абавязкі, выкананьне якіх напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў зьяўляецца аб’ектыўна неабходным”, — падкрэсьліў Уладзімер Канаплёў. Вадзім Папоў меў падрыхтаваную праграмную прамову, сэнс якой — адданасьць палітыцы Аляксандра Лукашэнкі: (Папоў: ) “У праграмным выступе Аляксандра Лукашэнкі вельмі дакладна акрэсьленыя тыя палажэньні, над якімі нам давядзецца працаваць. Гэтыя палажэньні сугучныя і маім настроям”, — падкрэсьліў Вадзім Папоў. Зусім нечакана быў вылучаны і іншы прэтэндэнт на пасаду сьпікера — кіраўнік дэпартамэнту гуманітарнае дапамогі Віктар Кучынскі, за якога агітаваў Іван Пашкевіч. Кучынскі заявіў, што абсалютна не прэтэндуе на пасаду сьпікера, але не здымае сваёй кандыдатуры, бо ў адваротным выпадку яму будзе сорамна прыяжджаць у сваю акругу. А па-другое, патрэбна альтэрнатыўнасьць. Віктар Кучынскі таксама называў сябе сябрам “каманды Лукашэнкі”. Такім чынам, рэальнай альтэрнатывы ў часе выбараў не было. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |