RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Лістапада 2000

Сёньня



На Магілеўскім ліфтавым заводзе выраблены адмысловы ліфт для будынку адміністрацыі прэзыдэнта. Як сьцьвярджае работнік, які ўдзельнічаў у вытворчасьці й выпрабаваньнях ліфта, гэта выраб ледзь не ручной працы. Ліфт выраблены паводле індывідуальнага праекту, адпавядае высокім стандартам усясьветнага узроўню. Гэта ўжо ня першы выпадак вытворчасьці адмысловых мэханізмаў для выкарыстаньня Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным атачэньнем.

Для будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі быў выраблены адмысловы ліфт, які паводле якасьці, дызайну й бясьпецы адпавядае ўсясьветным стандартам. Высокую замову выканаў Магілеўскі ліфтавы завод. Як распавёў нашаму радыё супрацоўнік Магілеўскага грамадзкага аб’яднаньня “Кола сябраў” Сымон Глазштэйн, чый сябра працуе на гэтым заводзе, ліфт выраблялі паводле адмысловае тэхналёгіі.

(Глазштэйн: ) “Ён сам удзельнічаў у выпрабаваньнях. Можна сказаць, што некалькі тыдняў яго выпрабоўвалі. Там у іх ёсьць такая адмысловая вежа, вось яны ганялі яго па гэтай вежы, падганяючы па такіх паказьніках, як мяккасьць руху, цішыня ў кабіне, каб не грукаталі дзьверы – яны там мэталічныя. Ліфт на некалькі чалавек. Такая выснова была гэтага рабочага, што атрымаўся такі ручны выраб, так яны ліфты ня робяць. Адмысловая праца была”.

Зазначыў Сымон Глазштэйн. Паводле ягонага сябра, ліфт стараліся зрабіць нават лепшым за замежныя аналягі.

Як паведаміў галоўны інжынэр Магілеўскага ліфтавага заводу Міхал Цымарэвіч, на прадпрыемстве ўжо неаднойчы выконвалі высокія замовы Галоўнае гаспадарчае ўправы Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Адмысловыя ліфты вытворчасьці магілеўскага заводу працуюць цяпер у будынку СНД, у некаторых банках у Менску ды ў іншых месцах. Магілеўскае прадпрыемства выконвае таксама й расейскія замовы. Што тычыцца кошту ліфта, Міхал Цымарэвіч ня назваў нам канкрэтнух лічбаў, зазначыў толькі, што ліфты вытворчасьці ягонага прадпрыемства каштуюць ад 7 да 100 мільёнаў рублёў.

Сучасны ліфт для будынку адміністрацыі прэзыдэнта — гэта ня першая адмыслова выкананая замова для Аляксандра Лукашэнкі. Раней адмыслова для яго былі вырабленыя аўтамабіль, верталёт, самалёт і нават кацер. Цяпер вось ліфт.

Адметна, што ліфты сэрыйнае вытворчасьці Магілеўскага завода, якімі абсталяваныя ўсе беларускія шматпавярховыя дамы, адрозьніваюцца ад прэзыдэнцкага гэтак жа, як лукашэнкаў “Мерсэдэс” ад расейскіх “Жыгулёў”. Звычайныя магілеўскія ліфты грымяць і тузаюцца, часта ламаюцца. Агульнае ў іх з прэзыдэнцкім ліфтам толькі тое, што грошы на іх вытворчасьць узятыя з адной кішэні — кішэні беларускіх падаткаплацельшчыкаў.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org