RFE/RL |
Панядзелак, 20 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Вярхоўны суд Флярыды слухае сёньня юрыстаў дэмакрата Альбэрта Гора і рэспубліканца Джорджа Буша, якія адстойваюць супрацьлеглыя пазыцыі адносна ручнога пераліку галасоў у шэрагу акругаў. Пакуль што Буш апярэджвае Гора. Кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад рэспубліканцаў Джордж Буш настойвае на спыненьні ручнога пераліку бюлетэняў у Флярыдзе. Кандыдат дэмакратаў Альбэрт Гор уважае за неабходнае працягнуць пералік. Юрысты Буша даводзяць, што закон Флярыры вызначае канкрэтны тэрмін для акругаў, каб прадставіць усе вынікі галасаваньня – апрэч галасоў тых, хто галасаваў за мяжой, і чые бюлетэні прыходзяць пазьней. Гэты тэрмін завершыўся ў мінулы аўторак – і юрысты Буша зьвяртаюцца ў Вярхоўны Суд Флярыды з просьбай спыніць і ня ўлічваць ручны пералік, праведзены пасьля гэтай даты. Судзьдзяў Вярхоўнага суду сямёра: шасьцёра зь іх дэмакраты, адзін – незалежны. Прызнаецца, аднак, што дагэтуль партыйная прыналежнасьць ніяк не ўплывала на аб’ектыўнасьць іхных рашэньняў. Судзьдзі будуць вырашаць, ці павінны вынікі ручнога пераліку ўлічвацца пры вызначэньні канчатковага выніку выбараў у Флярыдзе. Дзеля таго, каб спрасьціць вырашэньне гэтага пытаньня, суд загадзя папрасіў юрыстаў з боку Гора і Буша прадставіць свае аргумэнты. Юрыдычная група рэспубліканцаў прадставіла сваё рэзюмэ на 56-ці старонках, дэмакраты – на 64-х. Выбарчае заканадаўства Флярыды мае некалькі супярэчных між сабой пунктаў: з аднаго боку, вызначаецца дакладны тэрмін завершаньня падліку галасоў, а зь іншага – прадугледжваецца і ручны пералік, які, несумненна, забірае нашмат больш часу. Юрысты Буша напісалі ў судовай заяве: “Бясспрэчна, закон не павінен утрымліваць адначасова два супярэчныя пункты.” Юрысты Гора, у сваю чаргу, дэкляруюць, што дакладнае вызначэньне волі выбаршчыкаў важнейшае за мэханічную прывязку да датаў. Яны просяць Вярхоўны суд вызначыць цьвёрды стандарт для інтэрпрэтаваньня ўсіх сымбаляў, пазначаных на бюлетэні-пэрфакарце. У прыватнасьці, дэмакраты прапаноўваюць дзеля больш дакладнага вызначэньня намеру выбаршчыка – улічваць усе адзнакі і прабелы ў бюлетэні, разглядаючы іх, як голас. Калі суд пагодзіцца, гэта значна палегчыць і стандартызуе працу тых, хто пералічвае цяпер галасы ўручную. Пасьля падліку бюлетэняў, атрыманых праз пошту ад выбаршчыкаў за мяжой, Буш апярэджвае Гора на 930 галасоў. Аднак, зацьвердзіць афіцыйна гэтыя дадзеныя сакратару штату Кэтрын Гарыс пакуль не дазволіў Вярхоўны Суд, бо дэмакраты запатрабавалі завершыць ручны пералік галасоў у акругах Броўард і Палм-Біч. Яшчэ ў адной акрузе – Маямі-Дэйд – вырашылі наноў пералічыць усе бюлетэні, і распачнецца гэты пералік толькі сёньня. У Маямі-Дэйд абяцаюць завершыць пералік да 1 сьнежня, у Броўардзе і Палм-Біч – да 23 лістапада, калі ў ЗША адзначаецца Дзень Падзякі. Каманда Гора спадзяецца, што ручны пералік у гэтых акругах дазволіць ня толькі скараціць адставаньне ад Буша, але і пераўзыйсьці яго. Юрысты-дэмакраты зьвяртаюцца да суду з просьбай забавязаць Кэтрын Гарыс улічыць вынікі ручнога падліку ў гэтых трох акругах, альбо, прынамсі, затрымаць абвешчаньне агульнадзяжаўных вынікаў галасаваньня да часу, пакуль ня будзе завершаны пералік. Аднак, пакуль што пералік прынес Гору даволі сьціплы здабытак. Сёньня ўвечары Вярхоўны Суд заслухае вусныя аргумэнты бакоў. Паседжаньне будзе трансьлявацца ў жывым эфіры. Даўгі лягер тэлевізійных рэпарцёраў і аўтобусы са спадарожнікавай сыстэмай ад раніцы пад дажджом чакаюць ля будынку Вярхоўнага суду, які стаіць адразу за Капітоліем. Алена Радкевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |