RFE/RL |
Панядзелак, 20 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Перш, чым сабрацца на першай сэсіі гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”, адкрыцьцё якой заплянаванае на 21 лістапада, наваабраныя дэпутаты дзялілі габінэты, кампутары, вызначалі заробкі, спрабавалі стварыць фракцыі… Улады спрабуюць надаць новаабранай “Палаце прадстаўнікоў” прыкметы сапраўднага парлямэнту. Адна з асноўных прыкметаў — наяўнасьць палітычных фракцыяў. А як іх мець у Беларусі, калі абсалютная бальшыня абраных дэпутатаў, а менавіта 81 зь 97 — беспартыйныя? Астатнія ж 16 належаць аж да шасьці партыяў. І фармаваньне сапраўдных фракцыяў не выглядае магчымым. Таму ў Менску надумалі стварыць рэгіянальныя фракцыі. Схэма тут наступная — з таго, што ў краіне 6 вобласьцяў і горад Менск, прапануецца мець 14 камісіяў, якімі будуць кіраваць па 2 прадстаўнікі кожнага зь сямі рэгіёнаў. Такім чынам, хочуць стварыць уражаньне, што ў “палаце” нібыта будзе фракцыйная структура. Але гэтая тэма хвалюе новаабраных дэпутатаў значна менш, чым іхнае ўласнае ўладкаваньне. Як, напрыклад, падзяліць пэрсанальныя габінэты? Спрачаліся доўга і нарэшьце знайшлі кансэнсус — у кіраўнікоў камісіяў будуць габінэты з двума вокнамі, у звычайных дэпутатаў — з адным. Бізнэсовец Аляксей Ваганаў запатрабаваў, каб кожнаму дэпутату далі асабісты кампутар і мабільны тэлефон. Другі дэпутат — Анатоль Красуцкі, які працуе другі тэрмін запар, патлумачыў, што цяпер у наяўнасьці ў “палаце” толькі 50 кампутараў. 7 абяцалі ў якасьці гуманітаранае дапамогі прыслаць з Усекітайскага народнага сходу. Неабходныя яшчэ 40 вырашылі прасіць у кіраўніцтва краіны. Да каго давядзецца зьвяртацца — зразумела. Як сьцьвярджаюць непасрэдныя ўдзельнікі сустрэчы, дзе вырашаліся гэтыя праблемы, самым цікавым было пытаньне пра дэпутацкі заробак. Шараговы дэпутат будзе атрымліваць: 60 тысячаў заробку, плюс 39 тысячаў — як чыноўнік першай клясы, плюс 40 адсоткаў за выслугу, плюс 18 тысячаў “дэпутацкіх” плюс палова заробку за “складаную і напружаную працу”. Такім чынам, назьбіраецца дзесьці тысячаў 200. Многа гэта ці мала? Для параўнаньня нагадаю, што мінімальны заробак у Беларусі цяпер усяго 3 тысячы 600 рублёў. Да таго ж, у дэпутатаў будуць і лекавая дапамога, і замежныя паездкі, і шмат чаго іншага. Абмяркоўвалася пытаньне і пра кіраўніцтва “палаты”. Паводле некаторай інфармацыі, з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі паступіла пажаданьне, каб на чале “палаты” быў дуэт у наступным складзе: сьпікер Вадзім Папоў, цяперашні міністар сельскае гаспадаркі й харчаваньня; віцэ-сьпікер — Натальля Машэрава. Разам з тым, вядома, што амаль 50 подпісаў ужо сабрана пад прапановаю, каб абраць сьпікерам Уладзімера Канаплёва. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |