RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Лістапада 2000

Сёньня



(эфір 17 лістапада)
Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі працягвае паволі, але няўхільна зьніжацца…

У другой палове кастрычніка Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных ды палітычных дасьледваньняў (НІСЭПД) правёў чарговае штомесячнае апытаньне грамадзкае думкі. Адной з асноўных тэмаў дасьледваньня стаў усебаковы сацыялягічны аналіз “выбарчае” кампаніі ў “Палату прадстаўнікоў”. Паводле дадзеных апытаньня, у “выбарах” 15 кастрычніка ўзяло удзел 58,8 адсоткі беларускіх выбаршчыкаў. Як сьцьвярджаюць сацыёлягі, у Менску, абласных цэнтрах ды іншых буйных гарадох у выбарах удзельнічала 50 адсоткаў, а ў малых гарадох ды сельскай мясцовасьці — 69 адсоткаў.

Даволі паказальныя адказы атрымалі сацыёлягі на непасрэднае пытаньне: «Калі вы ня ўдзельнічалі ў выбарах, дык зь якое прычыны?» Толькі 6,5% заявілі, што яны падтрымалі байкот, аб’яўлены апазыцыйнымі партыямі, 12 адсоткаў з тых, хто не пайшоў галасаваць, адзначылі, што “гэтыя выбары не былі вольнымі й справедлівымі”, 21 адсотак у якасьці прычыны ігнараваньня выбараў заявілі, што не давяраюць ніводнаму з кандыдатаў, і столькі ж — 21% — упэўнены, што дэпутаты ўсё роўна ня будуць адстойваць іхныя інтарэсы.

Пра некаторыя высновы, зробленыя сацыёлягамі, гаворыць вядучы навуковы супрацоўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных ды палітычных дасьледваньняў Уладзімер Дорахаў.

(Дорахаў: ) “Па-першае, беларускія выбаршчыкі даволі легкадумна аднесьліся да выкананьня свайго грамадзянскага абавязка. 14,5 адсоткі вырашылі пайсьці на выбарчы ўчастак непасрэдна ў дзень галасаваньня. Па-другое, праблема выбару свайго кандыдата была таксама адсунутая на самы апошні момант. Каля 20 адсоткаў апытаных вырашылі за каго галасаваць непасрэдна на выбарчым участку. Для параўнаньня: сусьветны стандарт – прыкладна 10-15 адсоткаў. Няма сэнсу з нагоды гэтага гаварыць пра тое, наколькі ўсьвядомленым быў такі выбар”.

А наколькі ўсьвядомленым стане выбар беларускага грамадзтва на надыходзячых прэзыдэнцкіх выбарах? Гэтае дасьледваньне зноў пацьвердзіла тэндэнцыю падзеньня рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. На новых прэзыдэнцкіх выбарах за Лукашэнку сёньня прагаласавалі б 33,2. Заўважым, што гэты рэйтынг няўхільна зьніжаецца зь лета мінулага году. Сярод апанэнтаў цяперашняга кіраўніка краіны апытаныя найчасьцей называлі прозьвішчы Міхала Чыгіра й Станіслава Шушкевіча.

Сацыёлягі паспрабавалі высьвятліць, хто зь цяперашніх вядомых апазыцыйных палітыкаў мае найбольшыя шанцы перамагчы ў пары з Аляксандрам Лукашэнкам. Пакуль вынікі такіх двубояў несуцяшальныя — Лукашэнку адназначна прайграюць і Лябедзька, і Статкевіч, і Калякін, і Гайдукевіч. Найлепшы вынік у МіхалаЧыгіра, але й той саступае цяперашняму кіраўніку дзяржавы зь лікам 35:13.

Аналізуючы прыведзеныя дадзеныя, аўтары дасьледваньня адзначаюць, што электарат супраціўнікаў Лукашэнкі пакуль што вельмі раздроблены — толькі нямногія з тых, хто, напрыклад, падтрымлівае Статкевіча, прагаласуюць сёньня за Лябедзьку, і наадварот. Адсюль сацыёлягі робяць выснову, што апазыцыя мусіць пайсьці на фармаваньне шырокае левацэнтрысцкае кааліцыі з апораю на прафэсійныя саюзы і няўрадавыя арганізацыі. Гэта кааліцыя мусіць прадстаўляць інтарэсы ня толькі перакананых праціўнікаў Лукашэнкі, але й бальшыні тых, хто вагаецца, і нават пэўную частку электарату самога Лукашэнкі. Толькі тады магчымая перамога на прэзыдэнцкіх выбарах, — лічаць сацыёлягі.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org