RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Лістапада 2000

Сёньня:



(эфір 18 лістапада)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У менскай Філярмоніі пачаўся 27-ы міжнародны фэстываль “Беларуская музычная восень”. Сёлета, апроч беларускіх, у ім бяруць удзел артысты зь Японіі, Польшчы, Летувы, Расеі, ЗША. Фэстываль адчыніўся канцэртам-роздумам пра трагічны лёс нашага краю. Акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі агучыў сымфоніі “Жыцьцё й несьмяротнасьць Францішка Скарыны”, “Цэзі-137” і “Карма”, якія напісалі, адпаведна, Уладзімер Дарохін, Вячаслаў Кузьняцоў і японскі кампазытар Ютака Такахасі. У межах “Беларускае музычнае восені” пройдуць Дні культуры Вільні ў Менску.

Латвійская Фундацыя культурнага капіталу запрасіла выступіць у Рызе маладых менскіх пісьменьнікаў, творы якіх ужо перакладзеныя ў латыскую мову. Сямёра прадстаўнікоў авангардных суполак Бум-Бам-Літ і “Шмэрцвэрк” выступілі ў музэі забароненага за савецкім часам латыскага мадэрніста Яніса Акуратэра, а таксама ў галярэі сучаснага мастацтва Noas. Зьміцер Вішнёў, Ільля Сін і Юрась Барысевіч паказалі пэрформансы “Абсалютна стэрыльны аборт”, “Культ асобы” і “Прывід Лукашэнкі на Радыё Свабода”. Вобраз беларускага дыктатара ўвасабляў напханы бананамі гумовы чэрап, які быў урачыста расьплюшчаны ўдарамі рэпартэрскага мікрафону.

Выдавецкая суполка “Атэнэўм” выпусьціла кампутарны кампакт-дыск “Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага. Том XXVIII”. Дыск зьмяшчае каля 10 Mb інфармацыі з канцылярыі Вялікага Княства, што датычаць беларускіх земляў XVI–XVII стагодзьдзяў. Суполка “Атэнэўм” абяцае стварыць электронную бібліятэку беларускіх архіўных крыніцаў. Выданьне сэрыі кампактаў з Мэтрыкаю ВКЛ каардынуе вядомы авантурыст Алег Дзярновіч, які год таму разваліў Гуманітарны фонд “Наша Ніва” і прысабечыў ягоныя грошы.

У вёсцы Журавічы Рагачоўскага раёну адчыніўся помнік клясыку беларускае драматургіі Андрэю Макаёнку, якому днямі споўнілася б 80 гадоў. Сёньня ў тэатрах нашае краіны ня йдзе ніводнае п’есы Макаёнка, бо ў бальшыні сваёй яны занадта савецкія. Адзінай актуальнай застаецца п’еса “Пагарэльцы”, у якой выкрываецца злачынная сутнасьць усялякае дыктатуры. На прысьвечанай Макаёнку юбілейнай вечарыне ў Доме літаратара мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі прызнаўся, што марыць зрабіць пастаноўку “Пагарэльцаў”, але не раней, чым Лукашэнка пакіне сваю пасаду.

У Віцебскім катэдральным касьцёле адбыліся ўрачыстасьці ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча, якога вуніяты шануюць як нябёснага заступніка Беларусі. На імшы прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў Францыі, Італіі ды Польшчы, сьпявалі хоры Менскага катэдральнага сабору “Бацькаўшчына” й “Глёрыя”. Сярод пілігрымаў з розных куткоў Беларусі ў касьцёле быў паэт Рыгор Барадулін, які разам з Алесям Камоцкім прысьвяціў сьвятому Язафату гімн “Дарадца высокі”.

Юрась Барысевіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org