RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Лістапада 2000

Сёньня



У нядзелю ў Горадні закончыўся 5-ты надзвычайны зьезд грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў Беларусі”, які праходзіў два дні. Галоўнай падзеяй зьезду стала абраньне новага старшыні Саюзу. Ім стаў выкладчык гісторыі Гарадзенскага ўнівэрсітэту Тадэвуш Кручкоўскі. Яму 39 гадоў.

Галасаваньне закончылася ў сыботу позьнім вечарам – у 23.30. Напачатку было вылучана 10 кандыдатур. Але засталося толькі тры. Тадэвуш Кручкоўскі набраў 174 галасы “за”. Супраць яго галасавалі 77 чалавек. Апошнім быў скандальна вядомы граф Аляксандр Прушынскі, які атрымаў толькі 6 галасоў.

Між іншым, дэлегаты зьезду былі настроеныя абраць Юзафа Парэцкага, які часова выконваў абавязкі старшыні СПБ, пасьля дабраахвотнай адстаўкі з гэтай пасады Тадэвуша Гавіна. Аднак ён адмовіўся балятавацца. Прычына – у скандале, зьвязаным з асобай спадара Парэцкага. Сёлета польская памежная служба забараніла яму ўезд у Польшчу, паставіўшы ў пашпарце адпаведны штамп. Як паведамілі некаторыя польскія мас-мэдыя, падставай стала, нібыта, супрацоўніцтва ўладальніка пашпарта з беларускімі спэцслужбамі. Як ня дзіўна, незважаючы на гэта, спадара Парэцкага падтрымлівала польскі кансулят у Горадні. Тым часам, як польскі пасол у Беларусі Марыюш Машкевіч перад выбарамі выказаўся дыпляматычна. Ён сказаў, што прадстаўнікі Польшчы ня маюць намеру ўплываць на выбар дэлегатаў, але згодны, што зьмены ў Саюзе палякаў былі патрэбныя.

Тадэвуш Кручкоўскі зазначыў, што балятуецца толькі таму, што забраў сваю кандыдатуру Парэцкі, прыхільнікам якога ён зьяўляецца. Дарэчы, у апытаньні, праведзеным напярэдадні газэтай “Глос з-над Немна”, спадар Кручкоўскі апынуўся толькі на шостым месцы і набраў менш за тры працэнты галасоў. Праграма новага старшыні грунтуецца на крытыцы Тадэвуша Гавіна, які змагаўся з беларускімі ўладамі за правы палякаў, а таксама супрацоўнічаў з апазыцыяй. Спадар Кручкоўскі заявіў, што ніякага супрацоўніцтва з апазыцыяй больш ня будзе. Напрыклад, з тым жа БНФ. Бо апазыцыя называе палякаў “беларусамі-каталікамі”.

Ён мае намер шчыльна супрацоўнічаць з уладамі. Ім было сказана, што нават пад прускай і расейскай акупацыямі палякі дзейнічалі ў Рэйхстагу і ў царскіх уладных установах. Адначасова новы старшыня СПБ сьцьвердзіў, што будзе супрацоўнічаць з любой афіцыйнай уладай – хоць з Лукашэнкам, хоць з Пазьняком, хоць, нават, з Домашам.

Сяргей Астраўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org