RFE/RL |
Панядзелак, 20 Лістапада 2000 |
Сёньня |
(эфір 18 лістапада) Сёньня ў Горадні распачаўся 5-ты надзвычайны зьезд грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў Беларусі”. Асноўныя пытаньні, якія зацьверджаныя для разгляду, гэта – справаздача за апошнія 4 гады, зьмены ў статуце і выбары новага старшыні. Зьезд праходзіў у школе з польскай мовай навучаньня. Напачатку быў узгаданы граф Аляксандар Прушынскі, які калісьці хацеў балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Яму не дазволілі быць дэлегатам зьезду, паколькі ён ня мае беларускага грамадзянства. Хаця і зьяўляецца сябрам Саюза палякаў. У справаздачы намесьнік старшыні СПБ Тадэвуш Малевіч сказаў, што польскую мову у школах вывучае каля 18-ці тысяч вучняў. Аднак сёлета ў гарадзенскую польскую школу было пададзена толькі 19 заяваў ад бацькоў першаклясьнікаў. Таму з цяжкасьцю ўдалося стварыць адзін кляс. Некалькі гадоў таму іх было 4. За апошнія тры гады ў Горадні ў два з паловай разы зьменшылася колькасьць ахвотных уступіць у Саюз палякаў. Колькасьць тых, хто плоціць членскія складкі, стала меншай амаль удвая. Сёлета польскія ўлады далі СПБ 78 мільёнаў рублёў. А вось гандлёвая палата, створаная пры Саюзе, – ні рубля. Трэба вучыцца самім зарабляць грошы, – гаварылася на зьезьдзе. У структурах грамадзкага аб’яднаньня працуе на платных пасадах 69 чалавек. Чэслаў Бянькоўскі з Менску прапанаваў зьмены да статуту і структуры СПБ. Напрыклад, што Саюз не зьяўляецца палітычнай арганізацыяй, і што беларускія палякі ёсьць інтэгральнай часткай польскага народу. Ім жа прапанавана скасаваць структуру аб’яднаньня, якая адпавядае тэрытарыяльна-адміністрацыйнаму падзелу Беларусі і зрабіць іншую. На рэгіянальнай аснове. Напрыклад, якая адпавядала б межам даваеннага Наваградзкага ваяводзтва, у прыватнасьці. Ён таксама прапанаваў скончыць з грамадзянскай вайной ўнутры Саюза і стварыць Раду паразуменьня ўсіх палякаў Беларусі. Між іншым, другі менчук – Тадэвуш Галаўня падкрэсьліў, што сп-р Бянькоўскі сёлета быў выключаны з СПБ. Усіх цікавіла, ці будзе зноў вылучацца на пасаду старшыні Тадэвуш Гавін, які стварыў грамадзкае аб’яднаньне і кіраваў ім ад пачатку. Нагадаю, што ў ліпені ён раптоўна падаў у адстаўку. Тадэвуш Гавін заявіў прысутным, што ён балятавацца болей ня будзе. Удзельнікі зьезду прасьпявалі яму “100 лят” і надалі званьне “Ганаровы старшыня СПБ”. Адзін з дэлегатаў сьцьвердзіў, што яшчэ пры жыцьці Гавіну паставяць помнік перад будынкам Саюза побач з бюстам Адама Міцкевіча. На зьезьдзе прысутнічаў польскі пасол у Беларусі Марыюш Машкевіч. На момант перадачы гэтага матэрыялу яшчэ не было вядома, хто стаў новым кіраўніком СПБ. У нядзелю зьезд працягне работу. Сяргей Астраўцоў, Горадня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |