RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Лістапада 2000

Сёньня:



Анонс культурных падзеяў 20–26 лістапада.

Панядзелак
На гэтым тыдні нацыянальная эліта краіны працягвае ладзіць імпрэзы ў гонар Уладзімера Караткевіча. Пік іх прыпадзе на 26 лістапада — дзень сямідзесяцігодзьдзя слыннага пісьменьніка. А сёньня ў сталічным кінатэатры “Зьмена” распачаўся тыднёвы паказ мастацкага фільма паводле аднаго з самых выбітных караткевічавых твораў “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. А ў Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня працягвае працаваць выстава “Традыцыі сьвятой Эўфрасіньні на эміграцыі”, на якой прадстаўлены творы беларускіх замежных мастачак Тамары Стагановіч, Галіны Русак і Паліны Сурвілы. Усебеларускі тур папулярнага рок-гурта “N.R.M.” сёньня з Бабруйску прыехаў у Магілеў.

Аўторак
Свой адзіны канцэрт у праграме ўсебеларускага туру “N.R.M.” у гэты дзень ладзіць у Віцебску. А яшчэ адзін моладзевы музычны кумір “Ляпис Трубецкой” пачынае тыднёвы канцэртны тур па менскіх вышэйшых навучальных установах. Новы ж фольк-рокавы гурт “Ur’ia” ў канцэртнай залі “Менск” прэзэнтуе першы свой і першы наагул у Беларусі мультымэдыйны дыск. А ў Воршы конкурсам чытальнікаў працягваюцца пашанотныя імпрэзы ў гонар самага вядомага цяпер варшанца Ўладзімера Караткевіча. У стракатай менскай тэатральнай афішы гэтага дня вылучым спэктакаль “Белы сон”, пастаўлены паводле твораў Ларысы Геніюш беларускім паэтычным тэатрам аднаго актора “Зьніч”, які працуе ў дольнай залі Чырвонага касьцёлу.

Серада
Сёмы міжнародны кінафэст “Лістапад”, ладжаны пад эгідаю Садружнасьці незалежных дзяржаваў, распачынаецца ў менскім кінатэатры “Кастрычнік” скандальнаю стужкаю “Беларусьфільму” “Момант ісьціны”. У Віцебску літаратурным сьвятам “Сын зямлі пад белымі крыламі” стартуе пашанотная караткевічаўская праграма. А гурт “N.R.M.” у гэты дзень канцэртуе ў Наваполацку.

Чацьвер
“N.R.M.”-аўскі тур плянуе канцэртны прыпынак ў Лідзе. У Віцебскім літаратурным музэі адчыняюцца дзьве мастацкія выставы, прысьвечаныя Ўладзімеру Караткевічу.

Пятніца
Імпрэзамі ля помніка Ўладзімеру Караткевічу распачнецца вялікая віцебская культурная праграма гэтага дня, якая ўключае навуковую канфэрэнцыю, урачыстую вечарыну ў тэатры імя Якуба Коласа, адмысловы спэктакаль Гомельскага вабласнога тэатру “Дзікае паляваньне караля Стаха”, цырымонію ганараваньня літаратараў Віцебшчыны прэміяй імя Караткевіча. У Горадні выступіць гурт “N.R.M.”. У менскай галярэі “Мэдэя” распачынаецца двухтыднёвая выстава-продаж “Купалаўцы ў выяўленчым мастацтве”.

Субота
Першая экспазыцыя дзяржаўнага літаратурнага музэю Ўладзімера Караткевіча адкрываецца ў Воршы. Там будзе ў гэты дзень цэлы шэраг сустрэчаў зь пісьменьнікамі, караткевічазнаўцамі, музыкамі, артыстамі. А “N.R.M.” у гэты дзень будзе радаваць сваімі творамі слонімцаў.

Нядзеля
Спэктаклем тэатру імя Якуба Коласа “Вераб’іная ноч” паводле караткевічавага “Парому на бурнай рацэ” завершацца ў Воршы імпрэзы ў гонар іхнага выбітнага земляка. Усебеларускі тур “N.R.M.” фінішуе ў Берасьці.

Валянціна Аксак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org