RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 Лістапада 2000

Сёньня



Сёньня ў Радзе міністраў Эўрапейскага Зьвязу беларускія апазыцыйныя палітыкі – прадстаўнікі партыяў Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў, якія зьдзяйсьняюць эўрапейскую паездку, мелі паўгадзінную размову з Гаўерам Салянам, які зьяўляецца найвышэйшым прадстаўніком Эўразьвязу ў справе зьнешняй палітыкі. На тэлефоннай сувязі ў Брусэлі старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Мы са свайго боку на просьбу спадара Саляны паінфармавалі яго пра палітычныя вынікі мінулага году, у тым ліку правал лукашэнкавай лініі на арганізацыю псэўдавыбараў і на іх міжнароднае прызнаньне, і падзякавалі Эўразьвязу за абсалютна пасьлядоўную пазыцыю ў стасунку да гэтых псэўдавыбараў. Мы таксама падзяліліся меркаваньнямі наконт дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі ў 2001 годзе. Размова ішла пра прэзыдэнцкія выбары, як той магніт, вакол якога і будуць разгортвацца асноўныя палітычныя падзеі 2001 году. Спадар Саляна са свайго боку дакляраваў падтрымку дэмакратычнай пэрспэктыве Беларусі ў 2001 годзе і зазначыў, што Беларусь павінна разглядацца як неад’емная частка дэмакратычнай Эўропы”.

(Карэспандэнт: ) “Як вядома, незадоўга перад парлямэнцкімі выбарамі Гаўер Саляна пісаў Аляксандру Лукашэнку асабіста ліст наконт магчымай дэмакратызацыі выбараў парлямэнцкіх. Ці зьбіраецца Гаўер Саляна і надалей працягваць перапіску з Аляксандрам Лукашэнкам, ці лічыць ён, што гэта плённы шлях, шлях перамоваў, перакананьняў, ушчуваньняў непасрэдна кіраўніка Беларусі?”

(Вячорка: ) “Я мяркую, што і ў дакумэнтах Эўразьвязу, і ў сёньняшніх выказваньнях спадара Саляны ёсьць прызнаньне таго, што колькі не намаўлялі Лукашэнку стаць нармальным эўрапейскім лідэрам, Лукашэнка гэтага не захацеў. Мы ж сустракаліся яшчэ і ў Эўрапейскім парлямэнце, і ў Эўразьвязе. У прынцыпе, і ўрады, і парлямэнтары датрымліваюць агульную лінію непрызнаньня вынікаў фарсу 15 кастрычніка і непрызнаньня створанага пры дапамозе фарсу псэўдапарлямэнту. І ўсе, у прынцыпе, у адзін голас сьцьвярджаюць, што калі апазыцыя будзе адзінай і выпрацуе адзіную стратэгію і супольнага кандыдата, то Эўропа будзе толькі вітаць такую пэрспэктыву дэмакратызацыі Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці закраналіся ў Вашых гутарках, і ў прыватнасьці, з Гаўерам Салянам, яшчэ нейкія тэмы?”

(Вячорка: ) “Я б хацеў зазначыць, што ва ўсіх пунктах нашых сустрэчаў мы пачыналі размову з абурэньня гвалтоўным разгонам (упершыню пасьля 15 кастрычніка) маладзёвых акцыяў у Менску і Горадні. Якраз у гэтыя дні, калі адбываюцца суды (мы гэта ведаем дакладна), у прынцыпе, усе міжнародныя структуры і адпаведныя амбасады выказалі рэжыму сваё стаўленьне з прычыны аднаўленьня рэпрэсіяў”.

Гутарыла

Алена Радкевіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org