RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 Лістапада 2000

Сёньня



Беларусь фігуруе адразу ў двух міжнародных скандалах ў ваеннай сфэры. У далёкай Угандзе распачалося расьсьледаваньне пакупкі беларускіх вайсковых верталётаў у 1996 годзе, а суседняя Летува абвяргае заявы Міністэрства абароны Беларусі пра йснаваньне на мяжы ля Горадні чатырох пунктаў электроннае выведкі NATO. Аднак беларускае МЗС пра гэтыя скандалы нічога ня ведае.

Беларускае пытаньне можа стаць адным з галоўных пад час прэзыдэнцкае кампаніі ў адной з краінаў Афрыкі. Кандыдат у прэзыдэнты Ўганды палкоўнік Кійза Бэсіге абвінаваціў дзейнага прэзыдэнта Мусэвэні ў тым, што той асабіста падарыў адной з угандыйскіх фірмаў угоду зь Менскам пра куплю двух верталётаў Мі-24.

Угандыйскае міністэрства абароны набыло гэтыя машыны яшчэ ў 1996 годзе, калі адбыўся апошні беларускі рэфэрэндум. Склад адмысловае камісіі, што будзе вывучаць гэтую справу, быў абвешчаны ўрадам Уганды на мінулым тыдні.

Судзьдзя Вярхоўнага суду Ўганды Джулія Сэбуціндэ ўзначаліць расьсьледаваньне сумнеўнае куплі ў Беларусі двух вайсковых верталётаў. За іх гэтая афрыканская краіна заплаціла Менску 6,5 мільёнаў даляраў.

Генэральны пракурор Уганды Барт Катурыбэ й дзяржаўны міністар абароны Стывен Кавума адмовіліся камэнтаваць справу двух беларускіх верталётаў. Але ў сваёй заяве спадар Кавума адзначыў:

(Кавума: ) “Улічваючы працяглыя спрэчкі ды спэкуляцыі вакол набыцьця для арміі верталётаў Мі-24, урад вырашыў стварыць судовую камісію ў расьсьледаваньні згаданага набыцьця ды пералічэньня грошай за пакупку”.

Яшчэ адзін скандал разгарэўся вакол заявы высокапастаўленага чыноўніка беларускага Міністэрства абароны расейскае Агэнцыі Ваенных Навінаў пра тое, што 6-я мотастралковая брыгада Беларусі ў часе вучэньняў ля Горадні выкрыла зь летувіскага боку мяжы ажно 4 пасты электроннага назіраньня ды выведкі. Чыноўнік падкрэсьліў, што пасты безумоўна маюць NATOўскае паходжаньне, бо ў Летуве няма адпаведных абсталяваньня ды спэцыялістаў.

Начальнік штабу ўзброеных сілаў Летувы палкоўнік Антанас Юргайціс абвергнуў гэтую заяву ды сказаў, што ягоная краіна ня мае ані NATOўскіх, ані ўласна летувіскіх пастоў электроннага назіраньня. Паводле словаў спадара Юргайціса, на мяжы зь Беларусьсю ёсьць радыёкамунікацыйная вежа, але яна ня мае нічога агульнага зь дзейнасьцю выведкі.

А прэсавы сакратар дэпартамэнту памежнае паліцыі Рокас Пукінскас паведаміў, што памежная варта Летувы пабудавала 10 вежаў на беларускім участку мяжы працягласьцю 650 кілямэтраў. Тэрмавізуальнае абсталяваньне на гэтых вежах зроблена францускай фірмаю ды кантралюе мяжу зь Беларусьсю, выяўляючы парушальнікаў.

Аднак беларускае міністэрства замежных справаў нічога ня ведае пра гэтыя скандалы зь Летувою ды Ўгандаю. Вось што заявіў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Я магу сказаць, што я ня маю інфармацыі вакол гэтых двух інцыдэнтаў. Калі вас цікавіць адказ міністэрства і пазыцыя міністра замежных справаў, то я, калі ласка, запрашаю зьвярнуцца трохі пазьней, але ўсё ж раю зьвярнуцца таксама да міністэртсва абароны Рэспублікі Беларусь па камэнтар у гэтай справе. Калі там ня ўдасца атрымаць адказ, калі ласка, запрашаю да нас”.

Зазначыў спадар Латушка, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў. А прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі наогул адмовілася пракамэнтаваць гэтыя два скандалы.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org