RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 Лістапада 2000

Сёньня



Магілеўскі абласны камітэт прафсаюзу працаўнікоў адукацыі распачаў збор подпісаў пад заявай, у якой патрабуюць ад уладаў, каб яны выканалі свае абяцаньні павялічыць заробкі пэдагогам і навукоўцам, стыпендыі студэнтам і спынілі заганную практыку фінансаваньня садкоў, ясьляў, школаў, ВНУ паводле рэштавага прынцыпу.

Гэтая заява сталася рэакцыяй на абяцаньні былога віцэ-прэмьера Уладзіміра Замяталіна, якія прагучалі сёлета ў сакавіку з трыбуны 3-га рэспубліканскага з’езду прафсаюзаў працаўнікоў адукацыі і навукі.

З 60-і тысячаў супрацоўнікаў адпаведных установаў на Магілеўшчыне пад заявай падпісаліся больш за 10 тысячаў настаўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў.

Але ж вэртыкаль двух раёнаў – Круглянскага й Касьцюковіцкага, прыняла своеасаблівыя захады ў адказ. Як паведамілі настаўкнікі Круглянскага раёну, кожнага дырэктара школы папярэдзілі пра магчымую адказнасьць за падпісаньне заявы іхнымі падначаленымі.

Адзін з супрацоўнікаў Магілеўскага абкаму прафсаюзу на пытаньне – якімі мэтадамі карыстаецца вэртыкаль, адказаў: “Вы што, ня ведаеце пра тэлефоннае права? З Магілеву патэленфанавалі й далі кіраўнікам вэртыкалі ўказаньне “не пушчаць!” Але мы не палохаемся, бо ў настаўнікаў ёсьць доьбрая прымаўка – далей школы не пашлюць, больш клясу не дадуць.”

Магілеўскія настаўнікі, ня гледзячы на запалохваньне, працягваюць збор подпісаў. Бо маладому спэцыялісту на стаўку 20 тысячаў беларускіх рублёў не пражыць.

Абкам прафсаюзу паставіў на мэце да 20-га лістападу сабраць неабходную колькасьць подпісаў і накіраваць іх у Менск.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org