RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 Лістапада 2000

Сёньня:



(эфір 18 лістапада)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На пачатку тыдня пад час візыту ў Магілеў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прыняў рашэньне ўжо ў сьнежні падвысіць заробкі бюджэтнікам аж на 40%. Фактычна гэта зроблена пад ціскам глыбокае незадаволенасьці й пратэсту настаўнікаў: у краіне ўжо сабраны дзясяткі тысячаў іх подпісаў пра гатоўнасьць пачаць масавы страйк з прычыны галечы.

У кастрычніку сярэднія заробкі настаўнікаў склалі толькі 44 тысячы рублёў, што на 10 тысячаў меней за мінімальны спажывецкі бюджэт. Улады проста напалохаліся. Вось і пасьпяшаўся Лукашэнка зрабіць папулісцкую заяву. Тым болей, што гэта як раз адпавядае задачам кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў, якая фактычна пачалася.

Але справа ў тым, што эканамічных умоваў для рэальнага падвышэньня заробкаў няма. У Міністэрстве фінансаў заяўляюць, што ў бюджэце можна сабраць дзеля гэтае мэты толькі 6 млрд. рублёў, але гэтага дастаткова для падвышэньня заробкавае платы, і тое — намінальнай, толькі на 10%.

Збавіў папулісцкі імпэт і сам Лукашэнка. У чацьвер, праводзячы нараду ў справах аховы здароўя, ён ужо заявіў, што заробкі лекараў ды настаўнікаў будуць падвышаныя ў сьнежні толькі на 20%. І гэта пры тым, што рост цэнаў на спажывецкія тавары з пачатку года дасягнуў 86%. Інфляцыя паглынула ня толькі ранейшыя, а й будучыя падвышэньні заробкаў.

Была надзея, што дапаможа Расея. Але пасьля сустрэчы кіраўнікоў урадаў Расеі ды Беларусі 14 лістапада ў Маскве, дзе абмяркоўваліся праблемы ўвядзеньня адзінае валюты, было заяўлена, што Беларусі будзе выдадзены стабілізацыйны крэдыт не 200 млн. даляраў, як было абяцана раней, а напалову меней — 100 млн. даляраў. З гэтае сумы было вырашана выдаткаваць ужо ў сьнежні 30 млн. даляраў. Але расейскі бок паставіў дзеля гэтага шэраг умоваў. Напрыклад, каб дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту на 2001 год у Беларусі не перавышаў 0,5% ад валавага ўнутранага прадукту.

Толькі як гэта зрабіць, калі бюджэт ужо прыняты, і там гранічныя межы дыфіцыту зафіксаваныя на ўзроўні 248 млрд. рублёў, што амаль утрая болей, чым патрабуе Масква?.. І падобных умоваў шмат.

Сытуацыя з падвышэньнем заробкаў ускладняецца тым, што зноў пачала нарастаць запазычанасьць у выплаце заробкаў. Яна ўжо дасягнула 3,4 млрд. рублёў. Чарговы раз стала відавочным, што эканамічныя праблемы вырашаць адміністрацыйнымі мэтодамі немагчыма.

Уладзімер Кулажанка, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org