RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 Лістапада 2000

Сёньня



У Аляксандра Лукашэнкі былі матывы, каб фінансавць левую апазыцыю у Расеі. Такую думку выказваюць расейскія палітолягі, камэнтуючы скандал вакол заяваў Тамары Рохлінай.

Нагадаем, што паводле пэўных зьвестака, на закрытым паседжаньні маскоўскага суду ўдава генэрала Льва Рохліна заявіла, што Лукашэнка дапамагаў яму грашыма на арганізацыю выступу сілавікоў у Расеі. Адвакаты Рохлінай пасьпяшаліся заявіць, што іхняя кліентка гэткіх заяваў не рабіла.

Але у Расеі ўжо разгарнулася дыскусія – ці мог Лукашэнка фінансаваць левую апазыцыю?

Кіраўніцтва «Руху ў падтрымку войска» (Движение в поддержку армии – ДПА) працягвае адмаўляць фінансавы характар сваіх стасункаў з Аляксандрам Лукашэнкам. Як лічыць лідэр арганізацыі Віктар Ілюхін, гісторыя са скандальнымі заявамі Тамары Рохлінай – гэта правакацыя, скіраваная супраць ДПА.

У інтэрвью радыё Свабода Віктар Ілюхін ня выключыў магчымасьць змовы паміж уладнымі структурамі і адвакатамі Тамары Рохлінай. Маўляў, Рохліна вылучае абвінавачваньні ў бок ДПА, і за гэта яна праз год ці два атрымлівае памілаваньне. Улады ж скарыстаюць ейныя заявы, каб забараніць Рух у падтрымку войска.

Што тычыцца адносінаў паміж Львом Рохліным і Аляксандрам Лукашэнкам, Віктар Ілюхін заявіў: «Канечне Рохлін меў кантакты з Лукашэнкам. Але гэта былі дзелавыя кантакты, і ня больш таго. Нічога незаконнага. Ніякія грошы ад Лукашэнкі ДПА не атрымлівала».

Між тым, асобы незацікаўленыя ставяць пад сумнеў бяскрыўднасьць кантактаў Льва Рохліна з Лукашэнкам. Гэтую думку у інтэрвью радыё Свабода выказаў дырэктар інстытуту палітычных дасьледваньняў Сяргей Маркаў.

(Маркаў:) «У мяне няма сумневу, што Лукашэнка ўдзельнічаў у фінансаваньні некаторых палітычных партыяў Расеі».

На думку спадара Маркава, Лукашэнка рабіў гэта не з дабрачынных памкненьняў.

«Чалавек умешваецца ва ўнутраныя справы іншае краіны толькі тады, калі мае пэўныя мэты – гаворыць спадар Маркаў. – У гэтым пляне дзеяньні Лукашэнкі ў Расеі ў нечым падобныя на дзеяньні Джорджа Сораса ў Беларусі. Сорас укладаў грошы ў Беларусь, бо ў яго была мэта – пабудаваць адкрытае грамадзтва. І Лукашэнка ўкладае грошы ў Расею, бо ў яго таксама ёсьць мэта, але свая – стварыць адзіную дзяржаву і выйсьці ў ёй на першыя ролі».

Спадар Маркаў упэўнены, што сам Лукашэнка ня быў уключаны ў магчымую схему фінансаваньня расейскіх апызыцыйных структураў.

«Я думаю – адзначыў палітоляг, – што ён толькі даваў прынцыповую згоду, а фінансаваньне магло йсьці праз бізнэсоўцаў, блізкіх да беларускіх уладаў і залежных ад яе».

Такім чынам, лічыць наш суразмоўца, можна было заблытаць схему фінансаваньня, каб пазьбегнуць праблемаў з законам.

Віктар Дзятліковіч, Масква


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org