RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 16 Лістапада 2000

Сёньня:



Сёньня — Усясьветны дзень непаленьня. Паводле статыстыкі, штодзень з-за хваробаў, зьвязаных з паленьнем, у Беларусі паміраюць 42 чалавекі. Тым ня менш, колькасьць курцоў у краіне не зьмяншаецца, а сярод моладзі нават павялічваецца. Адметна, што сярод беларускіх курцоў шмат высокіх дзяржаўных чыноўнікаў.

Паводле статыстыкі, амаль палова жыхароў Беларусі (45-47 адсоткаў) паліць. Апошнім часам сярод аматараў тытуню значна пабольшала жанчын і падлеткаў. Паводле галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтру здароўя Андрэя Секача, цяпер паліць каля 33 адсоткаў школьнікаў і больш за 40 адсоткаў студэнтаў.

(Сякач: ) “Штодзень Беларусь губляе 42 чалавек з-за хваробаў, зьвязаных з паленьнем. Штогод праз гэта ў нашай краіне памірае амаль 15,5 тысячаў чалавек. Рак лёгкіх — самая распаўсюджаная хвароба сярод курцоў. 97 адсоткаў хворых на рак лёгкіх актыўна паляць, астатнія — пасыўныя курцы”, — зазначыў галоўны лекар Рэспубліканскага цэнтру здароўя.

Вядома, што Аляксандар Лукашэнка ня паліць і далучае сябе да прыхільнікаў здаровага ладу жыцьця. Але ў ягоным атачэньні курцоў багата. Шмат паліць прэм’ер Уладзімер Ярмошын. Распавядаюць, што ў час кіраваньня Менскім гарадзкім выканкамам Ярмошын часта паліў цыгарэты бязь фільтру. Кіраўнік лукашэнкавай адміністрацыі Міхал Мясьніковіч паліць зрэдку, і тое, як сьцьвярджаюць блізкія да яго асобы, — калі вып’е. Багата паляць старшыня Дзяржаўнага камітэту друку Міхал Падгайны й кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Віктар Чыкін.

З цыгарэтаю быў заўважаны й намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Замяталін.

Кінуў паліць міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч. Дарэчы, сёньня ён трымаў справаздачу перад Лукашэнкам, распавядаў пра сытуацыю ў падначаленай яму ўстанове. Як нам стала вядома, на гэтай сустрэчы абмяркоўвалася пытаньне кантролю за рэалізацыяй тытуню ў гандлі. Як сьцьвярджаюць дасьведчаныя асобы, з гэтае нагоды ў блізкім часе, магчыма, зьявіцца новы ўказ Лукашэнкі.

Сярод апазыцыйных палітыкаў курцоў няшмат. У Аб’яднанай Грамадзянскай партыі амаль ніхто з кіраўніцтва ня паліць, акрамя старшыні выканкаму Яўгена Лабановіча. У “Народнай Грамадзе” таксама амаль няма курцоў. Ня паліць і Міхал Чыгір, а таксама камуністы Сяргей Калякін і Алена Скрыган. Зрэдку далучаецца да лёгкіх цыгарэтаў “яблычніца” Вольга Абрамава.

Затое ёсьць курцы сярод лідэраў грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” — гэта Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка. Амаль не разьвітваецца з цыгарэтаю лідэр беларускіх лібэрал-дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч. Дагэтуль паліць і кіраўнік “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў.

Наколькі нам вядома, сёньня, ва Ўсясьветны дзень непаленьня, амаль ніхто зь вядомых курцоў ня здолеў разьвітацца з гэтай заганнай звычкаю і кінуць цыгарэту.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org