RFE/RL |
Серада, 15 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Полацкім гарадзкім судзе адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы па факце затрыманьня 14-га кастрычніка двух палачанаў, якія распаўсюджвалі ў цэнтры гораду ўлёткі… У свой час сябры дэмакратычных арганізацыяў Полацку зьвярнуліся да мясцовых уладаў з прозьбаю даць дазвол на правядзеньне 14-га кастрычніка пікету. Улады такога дазволу не далі, і заяўнікі, карыстаючыся канстытуцыйным правам, выйшлі ў той дзень на цэнтральны гарадзкі пляц і сталі распаўсюджваць перадвыбарчыя ўлёткі. У выніку двое зь іх – спадар Міхась Баўтовіч і Сяргей Кухарэнка былі затрыманыя міліцыяй. Сёньня адбыўся суд і судзьдзя Машарскі вынес прысуд: “з прычыны малазначнасьці зьдзейсьнега правапарушэньня вызваліць спадароў Баўтовіча і Кухарэнку ад адміністрацыйнай адказнасьці”. Зрэшты, гэтым вэрдыктам справа ня скончылася. Цяпер адзін з затрыманых спадар Кухарэнка мерыцца абскардзіць дзеяньні праваахоўчых ворганаў у пракуратуры. Паводле спадара Кухарэнкі, затрыманьне адбывалася ў прысутнасьці соцень гараджанаў – на пляцы ў той дзень ладзіўся восеньскі кірмаш. Ягоная жонка зафіксавала факт затрыманьня на відэакамэру, пасьля чаго міліцыянты спрабавалі канфіскаваць зьнятыя матэрыялы. Цяпер, як высьветлілася, яны са спадаром Баўтовічам ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў не рабілі. Вінцэсь Мудроў, Полацак
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |