RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 15 Лістапада 2000

Сёньня:



У Жэневе ў Камітэце ААН супраць катаваньняў слухаўся пэрыядычны даклад Рэспублікі Беларусь.

У сваім дакладзе Беларусь паінфармавала ААН пра зьмены ў нацыянальным заканадаўстве ды ў практыцы выкананьня зь верасьня 92-га году па красавік 99-га сваіх абавязкаў у межах Канвэнцыі супраць катаваньняў.

У афіцыйным дакладзе паведамляецца, што нацыянальнае заканадаўства Беларусі не зьмяшчае вызначэньня такога паняцьця, як “катаваньне”, але агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права й нормы міжнародных дамоўленасьцяў зьяўляюцца часткаю беларускага заканадаўства. Акрамя таго, аўтары дакладу спасылаюцца на 25-ты артыкул Канстытуцыі 96-га году, які прадугледжвае, што ніхто ня можа быць катаваны ці быць (бяз згоды на тое) аб’ектам мэдычных досьледаў.

Аўтары называюць чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць пакараньне за перавышэньне ўлады з ужываньнем катаваньняў ці зьдзекаў зь людзей, а таксама падаюць зьвесткі — колькі асобаў было пакарана. Калі ў 92-м годзе іх было 26, дык у 98-м годзе — 58 чалавек. I ніякіх лічбаў ці прыкладаў, як забясьпечваецца прадухіленьне катаваньняў на практыцы.

Між тым шмат беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў маюць сотні фактаў што да зьдзекаў і катаваньня ў Беларусі. Дакладчык спадар Анушчанка мусіў адказваць на ўсе пытаньні экспэрту Камітэту ААН Фэліс Гэйер.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднае Лігі правоў чалавека пры ААН Кэтрын Фіцпатрык паведаміла радыё Свабода:

“Даклад вельмі няпоўны. Там папросту цытуюцца агульныя нормы і абавязкі. Звычайна краіны-ўдзельніцы распавядаюць, як яны выконваюць пакты й законы, цытуюць нейкія судовыя справы.

У кожнай краіне бываюць выпадкі катаваньняў, і ў Грэцыі, і ў ЗША, і ў Беларусі. Але ў Беларусі іх значна больш. У дакладзе няма нічога пра тое, як праваахоўная сыстэма прадухіляе гэта. Таму, натуральна, экспэрты будуць задаваць пытаньні менавіта ў гэтым кірунку. Пытаньні беларускаму боку будзе ставіць спэцдакладчык і старшыня камітэту ААН.

Яны будуць запытваць фактычныя дадзеныя. Мы далі свае зьвесткі пра катаваньні — гэта справы палітвязьняў Клімава, Кудзінава, Чыгіра; зьбіцьцё дэманстрантаў, а таксама затрыманьні й зьбіцьцё дзяцей пад час апошняй моладзевай акцыі, дзедаўшчына ў арміі, становішча ў спэцшколах і ў дамах для састарэлых.

Ёсьць яшчэ адзін важны момант: бацькі, жонкі й дзеці зьніклых людзей лічацца ахвярамі катаваньняў з-за становішча, у якое яны патрапілі. Самі зьніклыя — таксама ахвяры катаваньня. Камітэт будзе разглядаць справы Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага і задаваць пытаньні”.

Далей спадарыня Фіцпатрык паведаміла:

“…Трэба адзначыць, што экспэрты — прадстаўнікі розных краінаў, таму нельга казаць, што іхнае заключэньне будзе палітызаваным. Краіна-ўдзельніца мусіць выконваць рэкамэндацыі экспэртаў. У выпадку іх невыкананьня з боку ААН будзе ўжыты ціск на рэжым Лукашэнкі.

Нас непакоіць патураньне ўладаў фашыстоўскім групоўкам кшталту “РНЕ”, калі яны зьбіваюць прадстаўнікоў апазыцыі. У такім выпадку дзяржава нясе адказнасьць за бязьдзеяньне, а, калі ўлады маюць дачыненьне да гэтага, тым больш.

Нас абураюць выказваньні Лукашэнкі пра зьніклых людзей. А тое, што ўчора ён назваў Паўла Шарамета выкрадальнікам ЗьмітраЗавадзкага, — гэта здьзек з асобы”, — паведаміла Кэтрын Фіцпатрык.

Экспэрты разьлічваюць не раней, як праз два дні, распачаць падрыхтоўку заключэньня пра даклад Беларусі ды сваіх рэкамэндацыяў.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org